Лістападаўская 1918 года рэвалюцыя ў Германіі і скасаванне Брэсцкага міру разбурылі той прасценак, які з сакавіка існаваў паміж раёнамі германскай акупацыі і савецкай Расіяй.
Бальшавікі і мясцовыя антыбальшавіцкія палітычныя цэнтры апынуліся сам насам. Абставіны ўнутрыпалітычнага парадку ў краі і распад акупацыйнай германскай арміі прадвызначылі адносна хуткае і практычна бяскроўнае ачышчэнне Беларусі ад германскіх акупантаў і мясцовых антыбальшавіцкіх сіл, паралізавалі спробы апошніх стварыць у краі мясцовы антыбальшавіцкі ўрад, прызнаны заходнімі дзяржавамі. Саветызацыі Беларусі ў канцы 1918 года не было альтэрнатывы. Але канкрэтныя формы, у якія павінна было выліцца савецкае дзяржаўнае будаўніцтва на беларускіх землях, залежалі ад розных акалічнасцей.
Афіцыйная адмова савецкай Расіі прызнаваць і паважаць усталяваныя Брэсцкім мірам дзяржаўныя граніцы на ўсходзе Еўропы, якая вынікала з акту Усерасійскага цэнтральнага выканаўчага камітэта (УЦВК) ад 13 лістапада 1918 года, клала канец падзелу Беларусі на т.зв. «германскую», «расійскую» і «ўкраінскую» часткі, стварала юрыдычную падставу для паяднання беларускіх зямель у складзе РСФСР і пад уладай яе Саўнаркама. Аднак урад Літвы, гетманскі і пятлюраўскі ўрады Украіны, якія імкнуліся да захавання вызначаных Брэсцкім мірам літоўскіх і ўкраінскіх дзяржаўных граніц, а таксама кіраўнікі Беларускай Народнай Рэспублікі, расцэньвалі такі паварот падзей як непрыкрытую праяву «чырвонага імперыялізму», як ігнараванне і падаўленне волі насельніцтва Беларусі.
Адноўленая ў выніку Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 года Польская дзяржава імкнулася да анэксіі літоўскіх, беларускіх і украінскіх зямель і спасылалася пры гэтым на нібыта выказаную волю іх насельніцтва. Усе гэтыя ўрады шукалі дапамогі ў Антанты і ўрачыста абяцалі змагацца з бальшавізмам. Ізноў, як і ў перыяд мірных перагавораў у Брэст-Літоўску, паўстала пытанне нацыянальна-дзяржаўнага самавызначэння Беларусі на савецкім грунце, але з улікам вопыту, назапашанага ў перыяд Брэсцкага міру.
Пазіцыя бальшавіцкай дзяржавы ў беларускім пытанні за год, які мінуў ад заключэння першых «салдацкіх міроў» на расійска-германскім фронце і да анулявання Брэсцкага міру, зрабіла пэўную эвалюцыю. Савет народных камісараў Расійскай Рэспублікі ў снежні 1917 года быў гатовы станоўча ўспрыняць самавызначэнне Беларусі на савецкіх пачатках у форме аўтаномнай Беларускай вобласці Расіі. Гэта падмацавала б пазіцыі савецкай дэлегацыі ў Брэсце і дазволіла б перавесці на практычныя рэйкі пытанне вяртання Расіі Заходняй Беларусі і, магчыма, Літвы. Але Краявы Усебеларускі з’езд Саветаў так і не адбыўся. Абласны выканаўчы камітэт Заходняй вобласці і фронту (Аблвыканкамзах) і СНК Заходняй вобласці і фронту (СНК Зах) ухіліліся ад выканання ўмоў заключанага без іх удзелу пагаднення паміж Народным камісарыятам па справах нацыянальнасцей Расійскай Рэспублікі і Беларускім абласным камітэтам пры Усерасійскім Савеце сялянскіх дэпутатаў (Белабласткам). Белабласткам жа з самага пачатку стаяў на пазіцыі непрызнання ўжо існаваўшай у краі савецкай улады.
Новая Заходняя вобласць з цэнтрам у Смаленску, створаная ў красавіку 1918 года, была грамадзянскай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкай, аднак выконвала функцыю аб’яднання Смаленскай губерні, неакупаваных паветаў і валасцей Віцебскай, Магілёўскай і Чарнігаўскай губерняў для адпору магчымаму новаму германскаму ўварванню. СНК Зах рабіў захады па практычным сцвярджэнні «самачыннай аўтаноміі» (выраз А.Мяснікова) Заходняй вобласці ў складзе РСФСР і дамагаўся ад УЦВК і СНК РСФСР яе заканадаўчага замацавання. Цэнтральныя савецкія структуры пайшлі насустрач гэтаму, бо лічылі неабходным мець на заходніх граніцах савецкай Рэспублікі такі ж надзейны палітычны, ваенны і эканамічны фарпост, як Туркестанская Савецкая Рэспубліка і Бакінская Камуна ў Азіі. У падмурак гэтых савецкіх аўтаномій быў пакладзены тэрытарыяльны прынцып. Агульным было перакананне, што ва ўмовах ваеннай інтэрвенцыі дзяржаў Чацвярнога саюза і Антанты ў Расію, нацыянальна-дзяржаўнае самавызначэнне савецкіх тэрыторый у рэшце рэшт пойдзе на карысць толькі ворагам РСФСР.
Пасля Лістападаўскай рэвалюцыі ў Германіі, Камп’енскага перамір’я і дэнансацыі Брэсцкага міру шмат каму (і не толькі ў савецкай Расіі) здавалася, што полымя Кастрычніцкай рэвалюцыі вось-вось перакінецца ў Еўропу. Адначасова афармленне антысавецкай кааліцыі вядучых імперыялістычных дзяржаў і непрыхаваная падрыхтоўка імі «крыжовага паходу супраць бальшавізму» паказвалі ўсю глыбіню небяспекі, што навісла над РСФСР.
Нацыянальная палітыка савецкага ўрада ў раёнах, якія вызваляліся з-пад улады германскіх акупантаў, патрабавала істотнай карэктыроўкі. Ануляваўшы 13 лістапада 1918 года Брэсцкі мір, УЦВК прызнаў за працоўнымі ўсіх народаў права на самавызначэнне і заклікаў працоўных Расіі, Ліфляндыі, Эстляндыі, Польшчы, Літвы, Украіны, Фінляндыі, Крыма і Каўказа самім вырашаць свой лёс. 29 лістапада 1918 года Ленін патрабуе ад Глаўкома РСЧА І.Вацэціса выдаць спецыяльную дырэктыву камандаванням франтоў і армій Заходняга напрамку наконт аказання ўсебаковай падтрымкі абласным часовым савецкім урадам Украіны, Літвы, Латвіі і Эстляндыі. Такім чынам, у раёнах, дзе існавалі прагерманскія ўрады, якія пасля паражэння Германіі перакінуліся на бок Антанты і былі ў той ці іншай ступені прызнаныя ёю, быў абраны курс на арганізацыю савецкіх рэспублік, звязаных з РСФСР адносінамі ідэалагічнага адзінства, палітычнага, эканамічнага і ваеннага саюза. Рэспублікі т.зв. «чырвонага буферу» аддзялялі РСФСР ад варожага капіталістычнага наваколля і з’яўляліся прадполлем рэвалюцыйнай вайны савецкай Расіі супраць антысавецкай кааліцыі.
Беларусь не разглядалася Масквою як частка «чырвонага буферу». На карысць такога рашэння паўплываў ваенна-геаграфічны фактар: Беларусь і Літва – натуральныя вароты ў Польшчу і ва Усходнюю Прусію. Старшыня Мінскага ваеннага Савета С.Берсан лічыў, што задача яго ваеннага Савета «канчаецца ў Баранавічах і Маладзечне». «На Віленскім напрамку павінен бы дзейнічаць Віленскі Савет з літоўцаў. На Брэсцкім з палякаў. Гэта вынікае з пункту гледжання ЦК партыі ў пытанні аб Літве і Польшчы, выкладзенай тут Бухарыным», – даводзіў ён 13 снежня 1918 года Рэўваенсавету Заходняй арміі. Такім чынам, зыходзячы з патрэб наступальнай рэвалюцыйнай вайны на Захадзе, падстаў для змянення статусу Беларусі не было.
Аб’ектыўна гэта падмацоўвала памкненне смаленскіх абласнікоў заканадаўча, праз УЦВК замацаваць «самачынную аўтаномію» Заходняй вобласці, яе новае імя (Заходняя Камуна) і граніцы (Смаленская, Віцебская, Магілёўская, Мінская, Гродзенская, Віленская і Ковенская губерні), зафіксаваныя ў пастанове Народнага камісарыяту ўнутраных спраў РСФСР ад 31 кастрычніка 1918 года. Мяснікоў і яго паплечнікі не сумняваліся ў сваёй перамозе, таму загадзя распрацавалі «Праект Канстытуцыі Заходняй Камуны і арганізацыі апарата ўлады».
Пытанне пра лёс Заходняй і іншых абласцей разглядалася ў Адміністратыўнай камісіі УЦВК у канцы лістапада – пачатку снежня 1918 года. Камісія пагадзілася з прапановай Я.Свярдлова захаваць Заходнюю вобласць у складзе губерняў Смаленскай, Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай і «той часткі Віленскай, што зараз належыць Расіі», з цэнтрам у Мінску, асобна зазначыўшы, што Смаленск застанецца ў Заходняй вобласці «толькі ў выпадку яго жадання».
Тым часам на першае месца ў дзейнасці Беларускага нацыянальнага камісарыята пры Наркамнацы РСФСР (Белнацкам) і беларускіх секцый РКП(б) у новых умовах выйшла задача згуртавання ўсіх працоўных – жыхароў і ўраджэнцаў края без адрознення нацыянальнасці, для сумеснай барацьбы за вызваленне Беларусі і за яе ўз’яднанне з РСФСР. 13 лістапада 1918 года калегія Наркамнаца пастанавіла накіраваць у акупаваныя раёны кіруючых работнікаў нацыянальных камісарыятаў, паколькі, «у сувязі з абвастрэннем рэвалюцыйнага крызісу ў акупаваных абласцях, цэнтр цяжару савецкай работы павінен быць перасунуты з Масквы ў гэтыя вобласці».
У Беларусі выканаць гэтае рашэнне было надзвычай цяжка. Аблвыканкамзах і Паўночна-Заходні абком РКП(б) працягвалі сваю т.зв. «вайну з беларушчынай», прычым у пачатку снежня 1918 года яна дасягнула апагею. Тады абласная нарада прадстаўнікоў павятовых і губернскіх выканкамаў і парткамаў прыняла беспрэцэдэнтны зварот да цэнтральных органаў РСФСР наконт безумоўнага скасавання ўсялякага роду беларускіх арганізацый. Тым не менш, Белнацкам і белсекцыі РКП(б) (найперш Маскоўская) наладжвалі кантакты з краем. У вызваленым Мінску пры партыйным клубе «ІІІ Інтэрнацыянал» таксама ўзнікла белсекцыя РКП(б). Мінскі губернскі ВРК станоўча аднесся да гэтай падзеі і 18 снежня 1918 года даручыў беларускім камуністам выставіць адказнага таварыша для сувязі з Віленскім Саветам.
21 – 23 снежня 1918 года у Маскве прайшла Канферэнцыя беларускіх секцый РКП(б). Дзве абставіны высветліліся падчас яе работы. Па-першае, секцыянеры, прызнаваў Зм.Жылуновіч, «нягледзячы на інфармацыю прыехаўшых з Менску таварышоў, слаба ведалі сапраўднае становішча на Беларусі». Па-другое, шмат секцыянераў – былых грамадоўцаў, як і раней, першачарговым лічылі нацыянальнае пытанне і адсутнасць масавай падтрымкі ідэі Беларускай Савецкай Рэспублікі ў краі расцэньвалі як прыкмету непапулярнасці сацыялістычных ідэй наогул і слабасці пазіцый бальшавікоў. Таму яны, выстаўляючы лозунг «Праз нацыяналізм да сацыялізму», даказвалі неабходнасць вядзення спачатку нацыянальнай, а потым ужо сацыяльнай барацьбы, і аб’яднання пад кіраўніцтвам беларускіх камуністаў усіх нацыянальных сіл края. Гэтая пазіцыя, якая вынікала з нязжытай нацыянал-народніцкай ідэалогіі і дрэннага ведання становішча ў Беларусі, была раскрытыкавана іншымі дэлегатамі, якія адмаўлялі якія б то ні было кааліцыі з «нацыянальнымі кулакамі і нацыянальнай буржуазіяй» і выступалі за аб’яднанне ўсіх камуністычных сіл Беларусі.
Але абедзьве групы дэлегатаў канферэнцыі белсекцый прыйшлі да высновы, што абставіны ўнутры- і знешнепалітычнага парадку «ўладна вымагаюць стварэння, у шчыльнейшым кантакце з вялікаю Расійскаю Сацыялістычнаю Федэратыўнаю Рэспублікаю, моцнага Беларускага рабоча-сялянскага ўрада, выяўніка волі беларускае беднаты». Канферэнцыя абрала Цэнтральнае бюро белсекцый РКП(б) пад старшынствам Зм.Жылуновіча і даручыла яму склікаць пасля абласной партканферэнцыі Усебеларускі з’езд камуністычных арганізацый у Мінску.
Зусім нечакана як для абласных структур, так і для цэнтральнай улады, думка пра неабходнасць хутчэйшага нацыянальна-дзяржаўнага самавызначэння Беларусі прагучала і ў Мінску. Орган ПЗАК РКП(б) газета «Звязда» горача вітала, па яе словах, «заходнеабласны працоўны народ» з вызваленнем Мінска: «Наша вобласць зноў становіцца на цвёрдыя ногі, у нас зноў пачнецца цяга да Мінска, як самага культурнага, вялікага і багатага сваімі традыцыямі цэнтра».
Мінгубрэўкаму прыходзілася лічыцца з тым, што ў Мінскай губерні абвяшчэнне савецкай Беларусі наспела больш, чым дзе-небудзь у краі. 12 снежня 1918 года нарада сялянскіх дэпутатаў Мінскай губерні выказалася за хутчэйшае скліканне ў Мінску з’езда Саветаў Беларусі і Літвы, які вырашыць усе пытанні дзяржаўнай будовы савецкай Беларусі і Літвы. Грунтуючыся на пастанове губернскай сялянскай нарады, 20 снежня 1918 года Мінгубрэўкам праз галаву Аблвыканкамзаха звярнуўся непасрэдна да старшыні УЦВК Я.Свярдлова з прапановаю стварыць Беларускую і Літоўскую Працоўную Камуну ў федэратыўнай сувязі з РСФСР.
У.Ленін разлічваў, што багатыя і даўнія рэвалюцыйныя традыцыі польскага пралетарыята не дадуць нацыянальнай польскай буржуазіі магчымасці захапіць уладу пасля эвакуацыі германскіх акупантаў. Але да сацыялістычнай рэвалюцыі ў Польшчы справа не дайшла. У трэцяй дэкадзе снежня 1918 года Масква прыйшла да высновы, што ў хуткім часе трэба чакаць антысавецкай агрэсіі з боку Польскай дзяржавы. «Беларускі калідор» на вачах ператвараўся ў вароты з Захаду на Усход, і патрэба спяшацца з яго закрыццём для сіл «Чорнага інтэрнацыяналу» (выраз А.Мяснікова) прадвызначыла маланкавую хуткасць, з якою разгарнуўся працэс нацыянальна-дзяржаўнага самавызначэння Беларусі.
Канчатковае рашэнне ЦК РКП(б) аб стварэнні незалежнай Беларускай Савецкай Рэспублікі, прынятае ўвечар 23 снежня 1918 года ці на наступны дзень, асобным дакументам не афармлялася. 25 снежня 1918 года Сталін тэлеграфаваў Мяснікову пра рашэнне ЦК «па шмат якіх меркаваннях, пра якія зараз казаць не прыходзіцца, пагадзіцца з беларускімі таварышамі на ўтварэнне Беларускага савецкага ўрада». «Пытанне гэтае вырашана і абмяркоўваць ужо не прыходзіцца, неабходна правесці толькі некаторыя змены ў канструкцыі Аблвыканкамзаха», – падкрэсліў нарком. Адначасова з дасылкаю дырэктывы Мяснікову, у гэтыж дзень Сталін паведаміў адказным работнікам Белнацкома, што «па прычыне склаўшыхся сучасных міжнародных адносін у мэтах умацавання і пашырэння заваёў сацыялістычнай рэвалюцыі ў сусветным масштабе ў сучасны момант цалкам наспела неабходнасць абвяшчэння Беларусі, як самастойнай ва ўсіх адносінах нацыі, незалежнай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікай».
Сустрэча І.Сталіна з А.Мясніковым і М.Калмановічам, на якой размова ішла аб дзяржаўных граніцах і юрыдычных формах абвяшчэння рэспублікі, аб прынцыпах фарміравання і межах кампетэнцыі рэспубліканскага ўрада і партыйнага цэнтра і г.д., адбылася ў другой палове дня 27 снежня 1918 года Пункт 6-ы выпрацаваных на сустрэчы ўмоў, які пакідаў правы Цэнтральнага бюро Кампартыі Беларусі і аддзелаў урада рэспублікі такімі ж, як і ў былога абкома партыі і аддзелаў Аблвыканкамзаха, рэзка абмяжоўваў суверэнітэт будучай рэспублікі і павінен быў забяспечыць пераемнасць курса і гарантаваць РСФСР ад нечаканасцей з боку савецкай Беларусі незалежна ад асабовага складу яе будучага кіраўніцтва.
30 снежня 1918 года дэлегацыя белсекцый (Зм.Жылуновіч, А.Чарвякоў, І.Лагун, П.Клыш, В.Ханін) накіравалася з Масквы на 6-ю абласную партканферэнцыю ў Смаленск, везучы з сабою праект Маніфеста Часовага рабоча-сялянскага ўрада Беларусі і зацверджаны Сталіным персанальны спіс членаў гэтага ўрада. Ад імя ЦК РКП(б) і асабіста У.Леніна наркамнац прасіў Мяснікова прыняць секцыянераў, «як малодшых братоў, можа быць яшчэ нявопытных, але гатовых аддаць сваё жыццё партыйнай, савецкай рабоце», і пракламаваць урад рэспублікі ў Мінску.
30 снежня 1918 года, калі набраўся кворум – 181 дэлегат, 6-ю Паўночна-Заходняя абласная канферэнцыя РКП(б) пачала работу. А.Мяснікоў выступіў з дакладам па бягучым моманце, у якім прапанаваў абвясціць Заходнюю Камуну Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай. Мяснікоў даваў зразумець, што ў падмурку гэтага акта ляжаць найперш знешнепалітычныя прычыны і толькі потым – патрабаванні белсекцый РКП(б) і Мінгубрэўкама. Абласная партканферэнцыя ўхваліла даклад Мяснікова і абвясціла сябе 1-ым з’ездам Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі. 1-ы з’езд КП(б)Б абвясціў незалежную Сацыялістычную Савецкую Рэспубліку Беларусі у складзе губерняў Мінскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Віцебскай і Смаленскай з рабоча-сялянскім урадам у Мінску на чале, вызначыў прыблізныя дзяржаўныя граніцы рэспублікі і яе адміністрацыйна-тэрытарыяльную будову – 7 раёнаў і 54 падраёны.
Шмат хто з дэлегатаў з’езда шчыра змагаўся з германскімі акупантамі і іх памагатымі пад сцягам аднаўлення савецкай улады і ўз’яднання Беларусі з РСФСР і таму лічыў сябе падманутым і абражаным у лепшых пачуццях. Але прапановы свайго лідара з’езд прыняў без пратэстаў. Вострыя спрэчкі пачаліся 31 снежня 1918 года пасля прыезду ў Смаленск дэлегацыі белсекцый РКП(б). Негатыўная спадчына шматмесячнай вайны абласнікоў і нацыянал-камуністаў выпіхнула на першы план разнагалоссі прынцыповага характару. Нягледзячы на агульнасць падыходаў да ваеннага будаўніцтва, аграрных пераўтварэнняў і інш., супрацоўніцтва беларускай групы з былым смаленскім цэнтрам не адбылося.
ЦБ КП(б)Б, адмовіўшыся проста зацвердзіць атрыманы з Масквы спіс урада, імкнулася і ў новаабвешчанай рэспубліцы звесці ўплыў апанентаў – былых белнацкамаўцаў і секцыянераў – да мінімуму. У склад Часовага рабоча-сялянскага ўрада Беларусі ўвайшлі 10 абласнікоў і 7 секцыянераў; дзве пазней створаныя калегіі на правах камісарыятаў таксама ўзначалілі абласнікі. Старшынёю ўрада стаў Зм.Жылуновіч, але на справе першай асобай рэспублікі быў яе ваенны камісар А.Мяснікоў – праз яго, як старшыню ЦБ КП(б)Б і прадстаўніка ЦК РКП(б) у Беларусі, ішлі дырэктывы ўраду па партыйнай лініі. Такую форму набылі прадказаныя Сталіным «некаторыя змены ў канструкцыі Аблвыканкамзаха».
Па прычыне зацяглых разнагалоссяў пры фарміраванні ўрада, Маніфест Часовага рабоча-сялянскага ўрада Беларусі аб абвяшчэнні ССРБ і арганізацыі яе Часовага ўрада быў апублікаваны толькі ў ноч на 2 студзеня 1919 года. Першы канстытуцыйны акт рэспублікі ўрачыста пракламаваў вызваленне працоўнага народа Беларусі ад векавой кабалы і ўтварэнне поўнасцю суверэннай Рэспублікі Саветаў рабочых, сялянскіх, батрацкіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў Беларусі.
Савецкая Беларусь адразу пачынала жыць як дзяржава з усімі дзяржаўнымі атрыбутамі – тэрыторыяй, насельніцтвам, сістэмай органаў публічнай улады, заканадаўствам, фінансавай сістэмай. Патрабаваўся час, каб «тутэйшыя» – камуністы і некамуністы, ўсвядомілі сябе народам самастойнай Беларусі.
Сяргей Аляксандравіч Траццяк,
кандыдат гістарычных навук,
загадчык аддзела Найноўшай гісторыі Беларусі
Дзяржаўнай навуковай установы
«Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі»
Читайте также:
Да юбілею БССР. Гісторыю Беларусі вывучаем на роднай мове