60-гадовы юбілей будзе адзначаць акадэмік Лакотка

21.01.2015 10:37
Обновлено: 03.10.2017 22:06

25 студзеня 2015 года свой 60-гадовы юбілей будзе адзначаць акадэмік, доктар архітэктуры, доктар гістарычных навук, прафесар, дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Аляксандр Іванавіч Лакотка.

З нагоды юбілею А.І. Лакоткі 26 студзеня а 15-й гадзіне ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Я. Коласа НАН Беларусі (вул. Сурганава, 15, інфармацыйна-выставачны цэнтр, п. 110) адбудзецца ўрачыстае пасяджэнне і прэзентацыя кніжнай выставы “Архітэктурны партрэт краіны ў гісторыка-культурным падарожжы “Адкрываючы Беларусь”.

Аляксандр Іванавіч Лакотка – буйны вучоны ў галіне мастацтвазнаўства, у прыватнасці, гісторыі архітэктуры і народнага дойлідства, аховы гісторыка-культурнай спадчыны і развіцця на яе аснове турыстычных рэкрэацыйных зон. Аўтар больш за 270 навуковых прац, у тым ліку 30 манаграфій.

Лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” (2008) у складзе аўтарскага калектыву за падрыхтоўку шматтомнай працы “Беларусы”, прэмій Нацыянальнай акадэміі навук за манаграфію “Нацыянальныя рысы беларускай архітэктуры” (1999) і за цыкл прац па развіцці турызму ў Рэспубліцы Беларусь (2011).

Ва ўрачыстым пасяджэнні адбудуцца выступленні кіраўніцтва Прэзідыума НАН Беларусі, прадстаўнікоў Міністэрства культуры, Вышэйшых навучальных устаноў, дырэктараў інстытутаў Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, акадэмікаў, членаў-карэспандэнтаў, вучоных, архітэктараў, мастацтвазнаўцаў, гасцей.

Белновости
Фото: © Белновости

У канцэртнай частцы праграмы прымуць удзел артысты хора “Акадэмія” (мастацкі кіраўнік Слабодчыкава Т.Г.), а таксама струннае трыо “Арко” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў (мастацкі кіраўнік Т.В. Дэйка).

Пад час мерапрыемства адбудзецца адкрыццё выставы “Архітэктурны партрэт краіны ў гісторыка-культурным падарожжы “Адкрываючы Беларусь…”, падрыхтаванай супрацоўнікамі бібліятэкі, дэманстрацыя відэафільма “Прызванне – архітэктура”.

Выстава, прысвечаная навукова-даследчыцкай дзейнасці А.І. Лакоткі, знаёміць з асноўнымі публікацыямі вучонага, сярод якіх аўтарскія і калектыўныя манаграфіі, вялікая колькасць навуковых і навукова-папулярных артыкулаў, даклады, прадстаўленныя на міжнародных канферэнцыях. Сярод экспанатаў выставы і знакамітыя энцыклапедычныя выданні, у склад рэдкалегіі якіх ўваходзіў А.І. Лакотка.

Цікавым з'яўляецца позірк вучонага на сучасныя напрамкі развіцця архітэктуры і сувязі архітэктурнага авангарда з гістарычнымі момантамі развіцця грамадства, адносінамі чалавека да жыцця і прыроды з даўніх часоў да нашых дзён.

Матэрыялы выставы не толькі дэманструюць асноўныя вынікі творчага жыцця вучонага, але сапраўды дапамагаюць скласці архітэктурны партрэт нашай краіны праз гісторыка-культурную адметнасць асобных рэгіёнаў Беларусі, вялікіх гарадоў і малых мястэчак, праз помнікі народнага драўлянага дойлідства, сакральна-манументальныя збудаванні розных канфесій, унікальныя прыродна-культурныя беларускія ландшафты.

Белновости Автор: Белновости Редакция интернет-портала