Сегодня (1 января 2019 года) исполняется 100 лет со дня провозглашения БССР.
Отмечая эту знаменательную дату, сетевое издание belnovosti.by совместно с Институтом истории НАН Беларуси продолжает рассказ о прошлом нашего края на родном языке.
Працэс нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва на прыкладзе Літоўска-Беларускай ССР (люты 1919 г. – ліпень 1920 г.)
Бароўская Вольга Мікалаеўна
старшы навуковы супрацоўнік
Цэнтра гісторыі геапалітыкі НАН Беларусі,
кандыдат гістарычных навук
Сфера навуковых інтарэсаў: польска-савецкая вайна 1919-1921 гг., савецка-польскія адносіны 1918-1939 гг., аўтар больш за 45 навуковых прац, у т.л. 1 манаграфіі.
Літоўска-Беларуская ССР – невялікі фрагмент у гісторыі беларускай дзяржаўнасці. Тым не менш падзеі, звязаныя з стварэннем ЛітБел ССР, адрозніваюцца не толькі вялікім драматызмам, але і аказвалі значны ўплыў на працэс фарміравання беларускіх дзяржаўных межаў. Таму пытанні, якія датычацца статуса Літоўска-Беларускай рэспублікі, яе тэрытарыяльнага складу і адміністратыўнага дзялення, функцыянавання палітычных інстытутаў патрабуюць асобнага разгляду. Праблемы станаўлення і далейшага ўмацавання беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці пастаянна былі і знаходзяцца ў полі зроку даследчыкаў – гісторыкаў, правазнаўцаў, палітолагаў. У гістарыяграфіі дзяржаўнага будаўніцтва ў Беларусі асобнае месца займаюць пытанні аб прычынах абвяшчэння і ліквідацыі Літоўска-Беларускай ССР, тэрміне існавання, ролі і значэнні яе ў гісторыі беларускай дзяржаўнасці.
Як вядома, ідэя стварэння Літоўска-Беларускай ССР (ЛітБел) узнікла ў Маскве, у ЦК РКП (б) і затым у парадку партыйнай дысцыпліны была праведзена ў жыццё. Партыйныя арганізацыі КП (б) Л і КП (б) Б, не гаворачы ўжо аб шырокіх народных масах Беларусі і Літвы, ніякіх адносінаў да прыняцця рашэння аб стварэнні ЛітБел не мелі. Так што можна пагадзіцца з тымі вучонымі, якія называюць Літоўска-Беларускую рэспубліку штучным утварэннем – аморфным, надуманным і няжыццядзейсным.
Называючы прычыны стварэння Літоўска-Беларускай ССР, сучасныя гісторыкі ў першую чаргу ўказваюць на фактары знешнепалітычнага характару: ЦК РКП (б), прадпрымаючы такі крок, думаў, што, калі дзве сацыялістычныя рэспублікі ЛССР і ССРБ аб’яднаюцца, то смогуць больш эфектыўна супрацьстаяць захопніцкім планам Польшчы. Менавіта на гэтую абставіну, як на галоўную, спасылалася кіраўніцтва Савецкай Расіі, паведамляючы свае рашэнне аб неабходнасці стварэння беларуска-літоўскай дзяржавы. Прычына гэтая, улічваючы цяжкае ваенна-палітычнае становішча Савецкай Расіі, сапраўды, выглядае дастаткова лагічнай. Аднак, пры больш дэталёвым разглядзе праблемы, канцэнтрацыя рэсурсаў для павышэння абароназдольнасці рэспублік не выглядае настолькі ж добрай асновай для зліцця Беларусі і Літвы.
Што тычыцца прычын аб’яднання Беларускай ССР і Літоўскай ССР у адзіную дзяржаву, то адносна іх даследчыкі да апошняга часу ў галоўным былі і застаюцца амаль што аднадушнымі. Гэта тлумачыцца перш за ўсё тым, што прычыны такога кроку былі афіцыйна сфармуляваны ў пастановах і рашэннях ЦК РКП(б), выступленнях старшыні Усерасійскага ЦВК Я. М. Свярдлова і прадстаўніка ЦК РКП (б) у Беларусі А. А. Іофе, якія затым з рознай ступенню імправізацыі паўтараліся ў рашэннях ЦБ КП(б)Б, Першага Усебеларускага з’езда Саветаў, Першага з’езда Саветаў Літвы, выступленнях і прамовах у студзені–лютым 1919 года старшыні ўрада Савецкай Літвы В. С. Міцкевіча-Капсукаса, сакратара ЦБ КП (б) Б В. Г. Кнорына і іншых партыйных кіраўнікоў.
Першай галоўнай прычынай аб’яднання ЛССР і БССР пры яго абвяшчэнні называлася неабходнасць умацавання абароназдольнасці рэспублік ва ўмовах навісшай пагрозы вайны з Польшчай, а таксама аб’яднання намаганняў у барацьбе “з унутранай буржуазна-нацыяналістычнай контррэвалюцыяй”, за ўстанаўленне савецкай улады і абарону заваёў сацыялістычнай рэвалюцыі. Пры гэтым акцэнт рабіўся на неабходнасці стварэння “буфера” супраць імперыялістаў Антанты, “фарпоста пралетарскай рэвалюцыі на заходняй граніцы Расіі, які быў прызваны перагарадзіць шлях імперыялістычным драпежнікам у цэнтр рэвалюцыі – Савецкую Расію” .
Справа ў тым, што першапачаткова, яшчэ да стварэння ССРБ, склалася сістэма ўзаемаадносін, пры якой усе ваенныя пытанні знаходзіліся ў сферы вырашэння цэнтра. З абвяшчэннем Савецкай Беларусі нічога не змянілася, і калі, як прызнаваўся В. Г. Кнорын, “у студзені пры складанні часовага савецкага ўрада Беларусі быў назначаны ваенным камісарам рэспублікі тав. А. Ф. Мяснікоў, то гэта з’яўлялася толькі фікцыяй, і за ўвесь час існавання ваенны камісар не меў ніякага тэхнічнага апарата для правядзення ў жыццё якіх бы то ні было заданняў”. Так што ў ваенных адносінах Літоўска-Беларуская рэспубліка цалкам залежала ад Савецкай Расіі, менавіта Масква вызначала, якое ўзбраенне, якое папаўненне, калі і ў якой колькасці паступіць у ЛітБел. Ва ўмовах ваенных дзеянняў, калі патрабавалася прымаць хуткія рашэнні і аператыўна праводзіць іх у жыццё, некаторыя пастановы, якія датычыліся Літвы і Беларусі, ЦК РКП (б) зацвярджаў, не раючыся з камуністамі Літоўска-Беларускай ССР і нават не паведаміўшы ім аб гэтым. Такім чынам, можна меркаваць, што задачы павышэння абароназдольнасці Літвы і Беларусі, калі і былі сярод прычын стварэння Літоўска-Беларускай ССР, то ні ў якім разе не з’яўляліся галоўнымі.
Пратаколы пасяджэнняў ЦК РКП (б), перапіска бальшавісцкіх лідараў, дырэктывы і ўказанні, якія паступалі з Масквы кіраўніцтву ССРБ і ЛССР, сведчыць аб тым, што ў ЦК РКП (б) меліся іншыя (акрамя знешнепалітычных) грунтоўныя прычыны для аб’яднання Літоўскай і Беларускай савецкіх рэспублік. У святле дакументаў, якія сталі вядомы зусім нядаўна, можна зрабіць вывад аб тым, што важную ролю адыгрывала тэрытарыяльнае пытанне. Вядома, наколькі негатыўнай была рэакцыя беларускіх улад на студзеньскае рашэнне ЦК РКП (б) аб скарачэнні тэрыторыі рэспублікі, столькі ж моцным было супраціўленне ўрада ССРБ спробам правесці гэтае рашэнне ў жыццё. Яшчэ не было канчаткова знішчана супрацьдзеянне беларускага кіраўніцтва па пытанні аб беларуска-расійскай мяжы, а на павесцы дня ўжо паўстала пытанне аб размежаванні Беларусі і Літвы. І гэта пагражала новымі канфліктамі, цяпер ужо паміж урадамі Літоўскай і Беларускай савецкіх рэспублік. Перш за ўсё спрэчкі пачаліся аб дзяржаўнай прыналежнасці горада Вільні і Віленскай вобласці.
Ствараючы ЛітБел, ЦК РКП (б) разам з тэрытарыяльным пытаннем вырашаў яшчэ і шэраг іншых праблем. Старшыня ЦВК РСФСР Я. М. Свярдлоў, раскрываючы беларускім камуністам перад І Усебеларускім з’ездам Саветаў матывы аб’яднання рэспублік, адзначаў, што важным “матывам стварэння адзінай Беларуска-Літоўскай рэспублікі з’яўляецца імкненне ЦК зберагчы гэтыя рэспублікі ад праявы ў іх нацыянальна-шавінісцкіх памкненняў”. Такім чынам савецкае кіраўніцтва разлічвала канчаткова зняць пытанне рэгіянальнага сепаратызма. У рашэннях Першага з’езда Саветаў Літвы аб прычынах аб’яднання суседніх рэспублік гаварылася наступнае: “Жыва адчуваючы сваю непарыўную сувязь з усімі савецкімі сацыялістычнымі рэспублікамі, з’езд бачыць у зліцці Савецкай Літвы і Савецкай Беларусі толькі першы крок на шляху аб’яднання ўсіх сацыялістычных рэспублік у адзіны дзяржаўны арганізм і даручае рабоча-сялянскаму ўраду ССР ЛіБ неадкладна ж уступіць у перагаворы з рабоча-сялянскімі ўрадамі РСФСР, Латвіі, Украіны і Эстляндыі на прадмет утварэння з усіх гэтых рэспублік адзінай федэратыўнай сацыялістычнай савецкай рэспублікі”.
16 студзеня 1919 г. на пасяджэнні Прэзідыума ЦК РКП (б) было разгледжана так званае “пытанне аб Беларусі”. У выніку было прынята рашэнне, зацверджанае Пастановай ЦК РКП (б), аб накіраванні ў БССР “для агульна палітычнага кіраўніцтва” ўпаўнаважанага ЦК РКП (б) А. А. Іофе. Яму даручалася правесці праз мясцовыя саветы, а пасля і праз з’езд Саветаў БССР, вылучэнне Віцебскай, Смаленскай і Магілеўскай губерній, “пакідаючы ў складзе БССР толькі Мінскую і Гродзенскую губерніі”. Наступным крокам А. А. Іофе ў Беларусі стала б аб’яднанне вылучаных беларускіх губерній з РСФСР. І заключным этапам – З’езд Саветаў БССР павінен быў ініцыяваць перагаворы з кіраўніцтвам Латвійскай, Літоўскай і Эстонскай ССР, РСФСР з мэтай іх будучага злучэння ў адзіны дзяржаўны арганізм.
Аб рашэнні ЦК РКП (б) адносна трох беларускіх губерній і яго прычынах членам ЦБ КП (б) Б было паведамлена 22 студзеня 1919 г. Адзначаючы знешнепалітычны аспект пытання, прадстаўнік ЦК РКП(б) А. А. Іофе сканцэнтраваў асноўную ўвагу на спрэчных момантах існавання нацыянальных рэспублік – яно давала магчымасць “развіцця ў значнай ступені нацыянальна-шавіністычныя імкненняў”. Каб пазбегнуць дадзенай пагрозы прадстаўнік ЦК РКП (б) прапанаваў: 1) абмежаваць памеры Беларускай рэспублікі геаграфічна неабходнымі межамі, гэта значыць Мінскай і Гродзенскай губерніямі; 2) звярнуцца да РСФСР с прапановай аб федэрацыі; 3) прапанаваць Літве і Латвіі ўступіць у перагаворы с Расіяй аб федэрацыі. Адносна першага пункта А. А. Іофе выказаўся наступным чынам: “абмежаванне тэрыторыі павінна стаць сродкам ліквідацыі сепаратызма. Першапачаткова планавалася наогул уключыць усю тэрыторыю Беларусі цалкам у склад РСФСР”. Аднак, “ва ўмовах стварэння федэратыўнай рэспублікі мы не мелі б буфераў, у выніку ўсе пытанні прышлося б вырашаць цэнтральнаму ўраду, г. зн. яму прышлося весці б непасрэдную барацьбу”. Што датычыцца другога і трэцяга пунктаў, то А. А. Іофе патлумачыў прысутным, што тэрміновае ўключэнне Беларускай рэспублікі ў Савецкую Расію на правах федэрацыі знішчыць усе перавагі існавання буфераў-рэспублік, так як тады ўсе перагаворы будзе весці цэнтральны ўрад, г. зн. самой Расіі прыдзецца непасрэдна прымаць у іх удзел. Пагэтаму ЦК прызнаў найлепшым у дадзенай сітуацыі прыняць метад доўгачасовых перагавораў аб федэрацыі”. Акрамя гэтага, стварэнне ЛітБел ССР давала магчымасць стварыць “надзейны бар’ер, які вытрымае першы націск на імпералістаў”, таксама “адгародзіць ад польскага і петлюраўскага імперыялізма”.
Гэты тэзіс яскрава даказваў неабходнасць існавання ЛітБел ССР у якасці самастойнай міжнароднай адзінкі. Нягледзячы на неаформленасць знешнепалітычнага ведамства “буфернай” ЛітБел ССР, агульнай залежнасці яе курса ад рашэнняў цэнтральнага кіраўніцтва РКП(б), была прадпрынята спроба прадставіць гэтае дзяржаўнае ўтварэнне ў выглядзе асобнага, самастойнага суб’екта міжнароднага права. Яшчэ да пачатку актыўных ваенных акцый польскага боку 16 лютага 1919 года Часовы рэвалюцыйны рабоча-сялянскі ўрад Літвы і ЦВК Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Беларусі накіраваў ноты пратэсту да ўрада Польшчы і з прапановай вырашыць усе спрэчныя пытанні шляхам стварэння змешанай камісіі для “ўсталявання дзяржаўнай мяжы паміж створанай ЛітБел ССР і Польшчай”, вырашыць усе тэрытарыяльныя спрэчкі “з поўнай гатоўнасцю, палюбоўна і міралюбіва”. Таксама кіраўніцтва ЛітБел ССР станоўча выказалася за правядзенне і міжнароднай канферэнцыі на Прынцавых астравах (1 сакавіка 1919 г.). Акрамя гэтага члены ЦК КП (б) ЛіБ актыўна выступалі за дапушчэнне прадстаўнікоў ЛітБел ССР да перагавораў Г. В. Чычэрына і А. І. Вянцкоўскага. Гэтая незалежная знешнепалітычная дзейнасць новаўтворанай дзяржавы актыўна падтрымлівалася з боку Савецкай Расіі. Так, у канцы лютага – пачатку сакавіка 1919 г. у Маскве была ўтворана дыпламатычная місія ЛітБел ССР у РСФСР, на чале якой знаходзіўся К. Ю. Гедрыс. Практычна ва ўсіх дыпламатычных дакументах, накіраваных на адрас Польскай дзяржавы, савецкае кіраўніцтва выстаўляе ЛітБел ССР у якасці самастойнай міжнароднай адзінкі. Прапаноўвалася вырашаць усе спрэчныя тэрытарыяльныя і іншыя пытанні непасрэдна шляхам перагавораў з прадстаўнікамі гэтай рэспублікі. Дзеянні спрыялі павышэнню міжнароднага аўтарытэту маладой дзяржавы.
30 студзеня 1919 г. беларускія ўлады атрымалі тэлефонаграму ад Я. М. Свярдлова, у якой указвалася: “Дэлегатам ЦБ самым рашучым чынам было адмоўлена ў адмене рашэння ЦК. Пацвярджаю: Віцебская, Смаленская, Магілеўская адыходзяць, астаюцца Беларусі губерніі Мінская і Гродзенская. Дадаю рашэнне ЦК: правесці на з’ездзе Беларусі аб’яднанне з Літвой”. Ідэя аб’яднання Савецкай Беларусі і Савецкай Літвы была распаўсюджана сярод партыйных і савецкіх кіраўнікоў ужо ў снежні 1918 г. Так, нарада сялянскіх дэпутатаў Мінскай губерніі 12 снежня 1918 г. “выказалася за неабходнасць брацкага аб’яднання Савецкай Беларусі з Савецкай Літвой і ўстанаўлення федэратыўных сувязей з РСФСР”. Пажаданне “цеснага аб’яднання рабочых Літвы і Беларусі для паспяховай барацьбы з беларуска-літоўскай буржуазіяй” выказаў у канцы снежня 1918 г. і Мінскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў у сваім звароце да рабоча-сялянскага ўрада Літвы”.
У той жа дзень А. А. Іофе ў лісце да Г. В. Чычэрына адзначаў, што лінія па стварэнню ЛітБел ССР дастаткова ўдалая, так як “беларускі і літоўскі нацыяналізм будуць у значнай ступені адзін аднаго нейтралізаваць”. Акрамя гэтага, гэты план стане надзейным сродкам вырашэння ўсіх тэрытарыяльных спрэчак, якія існавалі паміж ЛССР і БССР.
26 студзеня 1919 г. на адрас Народнага камісарыята замежных спраў РСФСР, асабіста Г. В. Чычэрына, У. І. Леніна, Я. М. Свярдлова, І. В. Сталіна паступіла дакладная запіска ад “нацыяналітычна настроенных” прадстаўнікоў Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада – З. Ф. Жылуновіча, А. Р. Чарвякова, Ф. Фальскага, Я. Дылы, Ф. Г. Шантыра, Пузырова, Квачёнка, Герушэвіча. У ёй прадстаўнікі БССР выступалі адкрыта супраць вылучэння, з наступным іх далучэннем Віцебскай, Смаленскай і Магілёўскай губерній да РСФСР. Дадзены крок “карэнным чынам змяняе палітычную сітуацыю і не дазваляе спрыяльна вырашыць беларускае пытанне”. Акрамя гэтага, указвалася, што існаванне моцнай Беларускай Савецкай Рэспублікі “знішчаць усе анексіянісцка-імпералістычныя імкненні Польшчы, Літвы і Украіны, якія знаходзяцца пад апекай Антанты”. Таксама зварочвалася ўвага, што адзначанае рашэнне РСФСР парушыць “аб’яўленныя прынцыпы незалежнасці і суверэннасці рэспублікі, негатыўным чынам скажацца на жыццёвых інтарэсах беларускага пралетарыята і сялянства”.
У канцы студзеня 1919 г. на Мінскай губернскай партыйнай канферэнцыі была прынята рэзалюцыя за подпісамі членаў Бюро І. Рэйнгольда, Р. Найдзёнкава, В. Г. Кнорына выказваўся недавер прадстаўніку ЦК РКП (б) А. А. Іофе, змяшчалася патрабаванне адклікання яго з Беларусі. Сур’ёзныя папрокі ў адміністрыраванні былі зроблены і ў адрас Я. М. Свярдлова. У адказ на гэтае рашэнне праз некалькі дзён на адрас ЦБ КП(б)Б ад ЦК РКП (б) за подпісам І. В. Сталіна была паступіла тэлеграма, у якой адзначалася, што ЦК партыі выказвае поўны давер дзейнасці Іофе, а ад Рэйнгольда, Найдзёнкава і Кнорына, якія падпісалі рэзалюцыю, прынятую Мінскай губернскай канферэнцыяй, патрабавалася “пацвярджэнне доказамі абвінавачвання ў нацыяналізме Іофе, бо інакш “будуць прыцягнуты да адказнасці за паклёп”. Аднак ЦК РКП (б) вымушаны быў улічваць негатыўнае стаўленне савецка-партыйнага кіраўніцтва Беларусі і Літвы да дзейнасці А. А. Іофе. Таму пазней, пры фарміраванні кіруючых органаў ЛітБел ССР, І. В. Сталін у тэлеграме ў Вільню, адрасаванай савецкаму ўраду Літвы і Беларусі, паведамляў аб пазіцыі ЦК РКП (б), што “на кандыдатуры Іофе не найстайваем, няхай будзе Цыхоўскі (мелася на ўвазе пасада старшыні прэзідыума ЦВК ЛітБел ССР)”.
Праналізаваўшы розныя трактоўкі важнейшых аспектаў гісторыі Літоўска-Беларускай ССР, можна з упэўненнасцю сцвярджаць, што як дзяржаўнае ўтварэнне яно не адбылося, на гэта проста не хапіла часу. Ад 27 лютага 1919 г., калі, як лічыць большасць даследчыкаў пачала сваё існаванне новая дзяржава, да 21 красавіка 1919 г., калі ЦВК, СНК і Савет Абароны рэспублікі пакінулі сталіцу Вільню і пачалі качаваць па розных гарадах, а яе захапілі польскія легіянеры, прайшло толькі каля двух месяцаў. 19 ліпеня 1919 г. спыніў дзейнасць урад ЛітБел ССР. А 27 жніўня 1919 г. польскія войскі ўвайшлі ў апошні гарадскі цэнтр рэспублікі Зарасай. За гэты час не былі створаны дзяржаўны апарат і мясцовыя органы выканаўчай улады; не была дакладна вызначана тэрыторыя рэспублікі і яе граніцы; дзяржаўны новаўтвор не меў канстытуцыі і іншых атрыбутаў дзяржавы, напрыклад, уласных узброеных сіл, судовай сістэмы, мытні, падаткавых органаў і г.д. Нарэшце, Літоўска-Беларуская ССР з’явілася не па добрай, дэмакратычна выяўленай волі беларускага і літоўскага народаў, а наадварот, штучна разрываў іх і іх этнічныя тэрыторыі, частка якіх заставалася адпаведна ў складзе Савецкай Расіі і так званай Ковенскай Літвы, якая знаходзілася пад пратэктаратам Германіі. Больш таго, факт абвяшчэння ЛітБел ССР па пастанове Палітбюро ЦК РКП (б) ад 16 студзеня 1919 г. не мела грунтоўных юрыдычных падстаў. Літоўска-Беларуская ССР не была юрыдычна прызнана ні адной замежнай, у тым ліку і суседняй, дзяржавай.
Можна прывесці і іншыя аргументы і факты, якія дастаткова пераканаўча сведчаць аб тым, што правільна гаварыць не аб утварэнні, а толькі аб абвяшчэнні Літоўска-Беларускай ССР. Лепшым доказам і сведчаннем таго, што не ўтварылася, не сфарміравалася, не ўсталявалася як дзяржава з’яўляецца і той факт, што яна не адрадзілася пасля вызвалення яе тэрыторыі ад польскай акупацыі ў ліпені 1920 г., хаця былы старшыня СНК ЛітБел ССР В. С. Міцкевіч-Капсукас настойваў на гэтым. Літоўска-Беларуская ССР аказалася нежыццяздольным дзяржаўным новаўтворам. Як штучна рэспубліка была абвешчана, так і ціха і непрыкметна яна перастала існаваць. І да цяперашняга часу гісторыкі спрачаюцца аб тым, калі гэта адбылося.
Фармальна Літ-Бел ССР праіснавала да ліпеня 1920 г., калі адбылося другое абвяшчэнне БССР і заключаны савецка-літоўскі дагавор 12 ліпеня 1920 г. Падпісанне савецка-літоўскага мірнага дагавора паставіла канчатковую кропку ў гісторыі Літоўска-Беларускай рэспублікі.
Фото: из открытых источников