Першы урад Савецкай Беларусі: Іваноў, Найдзёнкаў, Савіцкі

26.12.2018 09:23
Обновлено: 13.07.2019 20:34

Интернет-сайт БЕЛНОВОСТИ вместе с учеными Института истории НАН Беларуси продолжает просветительскую акцию «Гісторыю Беларусі вывучаем на роднай мове», посвященную столетию образования БССР.

 

Іваноў Сямён Варфаламеевіч

Член Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі

па ўнутраных справах

Белновости
Фото: © Белновости

Нарадзіўся ў в. Мамкіны Данілавіцкага воласці Ельнинского павета Смаленскай губерні ў сям’і селяніна. Скончыў 4-гадовую земскую школу. З 16-гадовага ўзросту працаваў цесляром, затым мулярам. У 1900 – 1901 гадах  працаваў у Маскве ў электратэхнічнай канторы “Н. Глебаў і К”.

У 1901 годзе  прызваны на ваенную службу. Праходзіў яе ў міннай роце Кранштацкай крэпасці  да 1906 года. У 1904 годзе ўступіў у РСДРП. За ўдзел у рэвалюцыйным руху быў арыштаваны. Пасля ўцёкаў займаўся прафесійнай рэвалюцыйнай дзейнасцю ў Лібаўскай ваеннай арганізацыі. У 1907 годзе быў арыштаваны і асуджаны на 15 гадоў катаргі. Адбываў пакаранне ў Смаленскай катаржнай турме. У сакавіку 1917 года пасля вызвалення працаваў старшынёй Данілавіцкага валаснога выканкама Смаленскай губерні. Дэлегат II Усерасійскага з’езда Саветаў.

З лістапада 1917 года па снежань 1918 года старшыня Смаленскага губвыканкама, затым Аблвыкамзаха. Адначасова ўзначальваў Губкам РКП (б). 25 чэрвеня 1918  года падчас сустрэчы з прадстаўніком Белнацкама Фабіянам Шантыром Сямён Іваноў заявіў, што “пра аддзелы  Беларускага Нацыянальнага Камісарыята ў правінцыі не можа быць і гутаркі і ўвогуле ў Смаленску не павінна быць нічога беларускага”.  Але ўжо ў студзені 1919 года С. В. Іваноў узначаліў Камісарыят унутраных спраў Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі.

З лютага па чэрвень 1919 года – намеснік старшыні ЦВК ЛітБел. У чэрвені 1919 года – верасні 1920 года старшыня Смаленскага губвыканкама і сакратар губкама РКП (б). У кастрычніку 1920 года  пераведзены ў Цвярскую губерню, дзе працаваў намеснікам старшыні губвыканкама. З чэрвеня 1922 года намеснік дырэктара Шлісельбургскага парахавога завода. У кастрычніку 1922 года прызначаны намеснікам старшыні Паўночна-Заходняга рыбнага бюро.

Са снежня 1923 года па красавік 1920 г. намеснік кіраўніка трэста «Донвугаль», з красавіка 1926 г. па люты 1930 года кіраўнік Паўднёваруднага трэста ў г. Харкаве. У лютым 1931 года прызначаны начальнікам горнаруднага сектара ВСНХ СССР.. У 1935 года узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга за вытворчыя дасягненні. У жніўня 1936 года пераведзены на працу ў «Главуголь», дзе ўзначальваў аддзел «Урал-Кузбас».

У кастрычніку 1937 года прызначаны і. а. дырэктара навукова-даследчага інстытута ў г. Туле. З кастрычніка 1939 года  па жнівень 1941 года начальнік аддзела падсобных прадпрыемстваў Главшахтостроя. У верасні 1941 – лістападзе 1942 года працаваў начальнікам аддзела падсобных прадпрыемстваў трэста «Чалябінскбуд». З лютага 1944 года  да сыходу на пенсію ўзначальваў бюро рацыяналізацыі і вынаходніцтва ва Усесаюзным навукова-даследчым інстытуце вугальнай прамысловасці. Памёр у 1955 годзе.

 

Першы урад Савецкай Беларусі: Іваноў, Найдзёнкаў, Савіцкі

Найдзёнкаў Рыгор Паўлавіч

Член Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі,

старшыня Цэнтрапленбежа Беларусі

Паходзіў з адносна заможнай сям’і, якая мела ўласны дом у Смаленску. Вучыўся ў Кіеўскім мастацкім вучылішчы. Служыў у арміі. З 1917 года член смаленскай арганізацыі РСДРП (б). З сакавіка 1918 года старшыня Саўнаргаса Заходняй вобласці, старшыня Калегіі па палонных і бежанцах  Заходняй камуны. На I з’ездзе КП (б) Б (снежань 1918 г.) абраны ў склад ЦБ. Член Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі, старшыня Цэнтрапленбежа. На I Усебеларускім з’ездзе Саветаў (у лютым 1919 г.) абраны членам ЦВК ССРБ і яго Прэзідыума, на аб’яднальным з’ездзе КП (б) Літвы і Беларусі (сакавік 1919 г.) – членам ЦК.

Аргбюро ЦК РКП (б) у красавіку 1919 года адхіліла просьбу наркама шляхоў зносін РСФСР Л. Б. Красіна аб адкамандзіраванні ў Маскву «т. Найдзёнкова з ЦК Літвы і Беларусі». Па пастанове ЦВК ЛітБел 23 мая 1919 года Р.П. Найдзенкаў арыштаваны. Вярхоўным рэвалюцыйным трыбуналам пры ЦВК ЛітБел 29 мая абвінавачаны ў тым, што выдаваў сябе за члена РСДРП з 1906 года, адказныя пасады ў Заходняй вобласці выкарыстаў для сваёй выгады. Расстраляны.

Паслужыў прататыпам Найдзянкоўскага ў рамане А.І.Гзоўскага «Аляксандр Мясникьянц» (1919 г., газета «Мінскі кур’ер»; 2005 г., газета «Экспрэс навіны»). Рэабілітаваны Прэзідыумам Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь 22 верасня 1998 года.

 

Савіцкі Іван Паўлавіч

Член урада па Камісарыяту шляхоў зносін

Нарадзіўся ў в. Козіна Быценскай воласці Слонімскага павета Гродзенскай губерні ў сям'і селяніна. З 1905 па 1917 год працаваў тэлеграфістам на Аляксандраўскай чыгунцы. Са снежня 1917 года па люты 1918 года член камітэта РСДРП(б) у г. Мінску і член Аблвыкамзаха.

У лютым – красавіку камісар шляхоў зносін Заходняй вобласці, з красавіка па май 1918 года член рэўкама Аляксандраўскай чыгункі, з чэрвеня па снежань памочнік камісара шляхоў зносін Маскоўскага акругі. У снежні 1918 года  прызначаны камісарам і кіраўнікам шляхоў зносін Заходняй акругі.

У студзені 1919 года ўзначаліў Камісарыят шляхоў зносін Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі. З лютага 1919 года камісар шляхоў зносін ССР ЛітБел. У чэрвені 1919 года прызначаны камісарам аддзела шляхоў зносін Заходняга фронту.

У лютым 1920 года камандзіраваны на Волга-Бугульмінскую чыгунку на пасаду дарожнага камісара. У чэрвені гэтага ж года прызначаны камісарам эксплуатацыі Паўднёва-Усходняй чыгункі, з ліпеня намеснікам камісара гэтай чыгункі, з 1920 года – намеснікам камісара Маскоўска-Курскай чыгункі, з лютага 1922 года – камісарам той жа чыгункі, з 18 мая па 25 лістапада 1922 г. начальнікам адміністрацыйнай службы Мікалаеўскай чыгункі. З 30 лістапада 1922 года – упаўнаважаны наркама шляхоў зносін (камісар акругі) на Усурыйскай чыгунцы. У снежні 1923 года прызначаны кіраўніком спраў Далёкаўсходняга раённага камітэта па рэгуляванні перавозак, са снежня 1924 года начальнікам рэгулявальнага аддзела камітэта. Далейшы лёс не вядомы.

 

Усе біяграфічныя звесткі падаюцца паводле кнігі

«1 января 1919 года: Временное рабоче-крестьянское советское правительство Белоруссии», Мн., Лимариус, 2005. - С.155-194.

Фото: из открытых источников

Читайте также:

Першы урад Савецкай Беларусі: Андрэеў, Калмановіч, Разенталь

Першы урад Савецкай Беларусі: Берсан, Дыла, Рэйнгольд

Першы урад Савецкай Беларусі: Гартны, Мяснікоў, Пікель

 

Сергей Туманов Автор: Сергей Туманов Редактор интернет-ресурса