Да юбілею БССР. Гісторыю Беларусі вывучаем на роднай мове

11.12.2018 09:10
Обновлено: 20.02.2020 14:01

Сегодня интернет-сайт БЕЛНОВОСТИ начинает просветительскую акцию «Гісторыю Беларусі вывучаем на роднай мове», посвященную столетию образования БССР, которое мы отметим 1 января 2019 года.

Название нашего проекта родилось благодаря руководителю Института истории НАН Беларуси, кандидату исторических наук Вячеславу Викторовичу Даниловичу и основателю нашего интернет-ресурса, директору УП «Медиа Новости» Виталию Александровичу Кистерному, которые считают, что «гісторыю Беларусі абавязкова трэба  вучыць на роднай мове».

 В советский период чрезмерного прославления социалистического пути развития нашего края жизненные реалии не всегда находили правдивое описание в учебниках и средствах массовой информации.

Вместе с учеными Института истории НАН Беларуси мы по-новому перелистаем и перечитаем замалчиваемые долгое время некоторые страницы становления нашей государственности.

Олег Каминский, главный редактор сайта

Белновости
Фото: © Белновости

Галіна навуковых інтарэсаў: палітычная, сацыяльная, эканамічная, ваенная і дыпламатычная гісторыя Беларусі ХХ ст., сусветная гісторыя, філасофія гісторыі. Аўтар больш за 80 навуковых і навукова-папулярных публікацый, у тым ліку 2 асабістых манаграфій. Рэдактар шэрагу навуковых выданняў – зборнікаў артыкулаў і матэрыялаў, калектыўных прац.

Гісторыя Беларусі –– гісторыя спраў ваенных, і ўжо потым мірных. Не быў выключэннем у гэтым накірунку і пачатак ХХ стагоддзя. Амаль восем год –– са жніўня 1914 да сакавіка 1921 года ўключна, на Беларусі прайшлі пад знакам “чалавека з ружжом”. Амаль восем год арміі варагуючых бакоў руйнавалі нашу краіну, забівалі яе жыхароў, нішчылі народнае багацце. Амаль восем год грамадзянскае кіраванне Беларуссю знаходзілася ў руках вайскоўцаў.

“Чалавек з ружжом” адыграў выключную ролю ў перамозе кастрычніцкай рэвалюцыі на Беларусі. Бальшавіцкая арганізацыя Заходняга фронта, якая ўвосень 1917 года налічвала больш за 100 тысяч партыйцаў і спачуваючых, была на той час буйнейшай і ўплывовейшай у Расіі. Абвяшчэнне Савецкай улады ў нашым краі і афармленне Заходняй вобласці, у склад якой увайшлі раёны Цэнтральнай і Усходняй Беларусі, адбылося на 2-м з’ездзе дэлегатаў армій Заходняга фронта. У 1917 –– 1918 гадах кадры абласных, губернскіх, павятовых, гарадскіх і нават валасных партыйных і савецкіх устаноў у нашай мясцовасці на 90 працэнтаў былі ўкамплектаваны салдатамі, афіцэрамі, ваеннымі чыноўнікамі, рабочымі і інжынерамі прадпрыемстваў Заходняга фронта. “Таварышы з Заходняга фронта” склалі касцяк першых урадаў БССР і захоўвалі кіруючыя пазіцыі ў нашай рэспубліцы да пачатку 1920-х гадоў. А бальшавікоў, чыя партыйная кар’ера пачалася ў 1917 годзе на Заходнім фронце, па сведчанні віднага бальшавіцкага дзеяча В.Кнорына, у сярэдзіне 1920-х гадоў можна было сустрэць у любым кутку Савецкага Саюза –– ад Ленінграда да Уладзівастока.

Заключэнне 22 лістапада 1917 года перамір’я паміж Расіяй і краінамі аўстра-германскага блоку і яго ўступленне ў сілу галоўкамзах А.Мяснікоў характарызаваў так: “Зроблена паўсправы міру”. Таму “фронт павінен быць непахісны да таго часу, пакуль унутраны фронт рэвалюцыі канчаткова не ўмацаваўся... Без першага другі ў цяперашні момант не можа цвёрда стаяць.” Галоўкамзах патрабаваў ад салдат “стойкасці, цвёрдасці і глыбокай цярплівасці”, а ад “выбарных начальнікаў і органаў арміі” заняцца аздараўленнем арміі –– навядзеннем парадку ў яе забеспячэнні, яе паступовай дэмабілізацыяй, асвяжэннем яе складу.

Аб маральна-палітычным стане ўзброеных сіл яскрава сведчыць паведамленне з 2-й арміі: “...Галодны фронт патрабуе харчу, змены і папаўнення. Папаўненне, нават калі будзе мір, неабходнае, бо кожны дзень з фронта адбываюць салдаты... Фронт просіць дапамогі, і дзеля захавання міру гэтая дапамога павінна быць дадзена”. Каб утрымаць знешні фронт ад распаду, разам з палымянымі заклікамі і мерамі дысцыплінарнага парадку, СНК Заходняй вобласці і фронту прыняў канкрэтныя меры: была ўведзена сістэма харчовых рэквізіцый для забеспячэння арміі і гарадоў. Размеркаванне нацыяналізаванай зямлі непрацоўнага фонду, сельгасінвентару і хатняй жывёлы паміж сялянамі і зямельны перадзел былі адкладзены да вясны.

Аднак ужо ў сярэдзіне снежня 1917 года стала відавочна, што сіламі нават лепшых часцей Рэвалюцыйнай Рускай Арміі фронт утрымаць нельга. Галоўкамзах-ваенкамзах А.Мяснікоў як ніхто ў вобласці разумеў усю сур’ёзнасць становішча. Ён быў сярод тых 9 кіруючых ваенных работнікаў, што на нарадзе 6 студзеня 1918 года у Петраградзе падтрымалі пазіцыю Леніна – мір дзеля выратавання савецкай Расіі (за “рэвалюцыйную вайну” выказалася 7 удзельнікаў нарады). На пазіцыю Мяснікова паўплываў, несумненна, і той факт, што ў любым выпадку новая савецка-германская дзяржаўная граніца прайшла б на захад ад лініі расійска-германскага фронту, якая склалася на канец 1917 –– пачатак 1918 года. Што ж датычыцца часовай (да заключэння ўсеагульнага міру) савецка-германскай дэмаркацыйнай лініі, то за аснову пры яе вызначэнні была б узята тая лінія расійска-германскага фронту, што ўтварылася на момант заканчэння баявых дзеянняў. Вярнуўшыся ў Мінск, Мяснікоў надаваў найбольш увагі эвакуацыі ў тыл франтавой маёмасці і арганізацыі дабраахвотніцкіх часцей Народна-Сацыялістычнай Чырвонай Гвардыі і Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі.

На Беларускім участку германскага Усходняга фронта былі разгорнуты 10-я германская армія генерала Э.Фалькенгайма і частка сіл групы армій генерала А.Лінзінгена –– 41-ы і 47-ы армейскія і 3-і рэзервны карпусы (12 пяхотных дывізій), армейскі рэзерв (2 пяхотныя і 2,5 кавалерыйскіх дывізій), карпусныя і армейскія часці пасілення і тылу. У падпарадкаванні камадавання германскага Усходняга фронта знаходіліся вайсковыя фарміраванні марыянетачнай варшаўскай “Рэгенцыйнай Рады Польскага Каралеўства”, у т.л. 1-ы Польскі корпус.

У колькасным і якасным плане савецкія войскі значна саступалі германскім. Часці старой арміі, стомленыя чатырма гадамі імперыялістычнай вайны і ахопленыя дэмабілізацыйнымі настроямі, не жадалі ваяваць і хаатычна беглі ў тыл, рабуючы ваенную і цывільную маёмасць.

Напярэдадні спынення баявых дзеянняў, у канцы лютага –– пачатку сакавіка 1918 года, у войсках Заходняга фронта (Віцебскі атрад, Аршанская, Магілёўская і Гомельская групы атрадаў, франтавы рэзерв у Смаленску, камандуючы А.Ф. Мяснікоў) налічвалася 10840 штыкоў і 400 шабель пры 12 гарматах і 1 бронецягніку (дадзеныя няпоўныя), у складзе Заходняга фронта па барацьбе з контррэвалюцыяй (1-я і 2-я Заходнія рэвалюцыйныя арміі, камандуючы Р.І. Берзін) –– 6000 байцоў пры 1 бронецягніку. Сілы чырвоных былі настолькі ніштожныя, што немцы трымалі фронт супраць іх сіламі невялікіх мабільных баявых груп.

У канцы сакавіка –– пачатку красавіка 1918 года франтавыя аб’яднанні расійскай арміі часоў Першай сусветнай вайны і імправізаваныя франты РСЧА, створаныя для патрэб узброенага адпору германскаму ўварванню, былі расфарміраваны паўсюдна, за выключэннем Савецкай Украіны. Была завершана дэмабілізацыя часцей старой арміі. Адначасова для абароны савецка-германскай дэмаркацыйнай лініі і для прыкрыцця галоўных аперацыйных накірункаў, што вялі ў цэнтральныя раёны РСФСР, у Еўрапейскай Расіі была створана сістэма баявых участкаў і атрадаў заслоны.

Недахоп харчавання, выкліканы агульным разарэннем прыфрантавой паласы, перашкаджаў разгортванню вялікіх рэгулярных вайсковых кантынгентаў. Тым не менш, ужо да канца жніўня 1918 года набор дабраахвотнікаў і мабілізацыі працоўных далі каля 130 тысяч чырвонаармейцаў.

Вясною 1918 года у шэрагу акупаваных паветаў Міншчыны, Палесся, Віцебшчыны выбухнулі стыхійныя сялянскія паўстанні, на чале якіх нярэдка стаялі дэмабілізаваныя салдаты. Паўстанцтва з’яўлялася важнай крыніцай папаўнення “сялянскай заслоны”. Вельмі хутка ў шэрагу раёнаў Беларусі стыхійны паўстанцкі рух перарос у арганізаваную партызанскую вайну пад кіраўніцтвам савецка-бальшавіцкага падполля. Да канца чэрвеня 1918 года падпольна-партызанскай дзейнасцю ў акупаваных раёнах Беларусі кіраваў т.з. “штаб Бральніцкага”, які складаўся з левых эсэраў і бальшавікоў. “Штабу” падпарадкоўваліся т.з. “адзіныя баявыя арганізацыі” на месцах.

Паводле распрацаванага ПЗАК РКП(б) у пачатку ліпеня 1918 года “Плана арганізацыі партызанскіх дзеянняў у тыле германскіх войск”, акупаваная праціўнікам тэрыторыя падзялялася на 12 партызанскіх зон. “Тылавыя” партызанскія атрады, падпарадкаваныя адпаведным падпольным бальшавіцкім камітэтам, атрымалі задачы наносіць удары па канкрэтных камунікацыях і гарнізонах праціўніка, знішчаць яго тылавую інфраструктуру, сеяць паніку і замяшальніцтва.

Да пачатку восені 1918 года партызанска-паўстанцкі рух ахапіў усе беларускія землі пад германскай акупацыяй. Толькі ў Мінскім, Бабруйскім, Барысаўскім, Слуцкім, Магілёўскім, Быхаўскім, Гомельскім і Рэчыцкім паветах аперыравала каля 100 атрадаў. Сярод іх былі буйныя баявыя адзінкі з кулямётамі і гарматамі. Пачалася арганізацыя партызанскіх брыгад, якія трымалі пад сваім непадзельным кантролем значныя тэрыторыі, куды асмельваліся ўваходзіць толькі буйныя сілы карнікаў з артылерыяй і авіяцыяй. Далёка грымела слава “Рудабельскай партызанскай рэспублікі”, на чале якой стаялі былыя салдаты –– бальшавікі А.Салавей і М.Ляўкоў.

У канцы верасня –– пачатку кастрычніка 1918 года знешнепалітычнае становішча РСФСР змянілася карэнным чынам. Старшыня СНК у лісце да Л.Б.Каменева зазначаў, што факт паражэння Германіі ў Першай сусветнай вайне рабіў немагчымай ранейшую палітыку лавіравання паміж варагуючымі імперыялістычнымі кааліцыямі, і пачынаць у такіх умовах перагаворы “аб пераглядзе Брэста” (або ісці на прамую дэнансацыю Брэсцкага міру) было б заўчасна: “Вычакаць трэба”.

Заўчасныя ваенныя і дыпламатычныя дэмаршы Савецкай Расіі былі б на руку толькі імперыялістам Антанты і Германіі. У апошнія тыдні Брэста ўрад “ратавання кайзера і дынастыі” на чале з прынцам Максам Бадэнскім рабіў ліхаманкавыя спробы прадухіліць даўно наспелы рэвалюцыйны выбух і дабіцца “пачэснага міру” Германіі з Антантай на прынцыпах ваеннага саюза супраць РСФСР і захавання за Германіяй яе “сферы адказнасці” у Расіі. 4 лістапада 1918 года ва ўмовах пачаўшайся рэвалюцыі германскі ўрад разарваў адносіны з РСФСР, што асобныя савецкія кіраўнікі расцанілі як дэнансацыю Брэсцкага міру з боку Германіі. Аднак выратаваць манархію не ўдалося. 9 лістапада 1918 года Германія была абвешчана дэмакратычнай рэспублікай. У розных кутках Германіі ствараліся Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Здавалася, што “германскі Кастрычнік” не за гарамі. Урад РСФСР выказаў гатоўнасць прызнаць правасацыялістычны ўрад у Берліне, калі ён будзе прызнаны ўсімі Саветамі Германіі.

Але Берлінскі ўрад, які выражаў інтарэсы блока ваеншчыны і правых, праяўляў варожасць у дачыненні РСФСР і імкнуўся да ўдзелу ў антысавецкай вайне. 11 лістапада 1918 года актам Камп’енскага перамір’я быў дэ-факта аформлены саюз Германіі і Антанты супраць Савецкай Расіі. Германскія войскі заставаліся ў “рускіх абласцях” “для аховы парадку” аж да змены іх войскамі Антанты і павінны былі непасрэдна ўдзельнічаць у ваенных аперацыях супраць “бальшавікоў”. Але з разліку скарыстаць супраць Савецкай Расіі акупацыйную германскую армію нічога не атрымалася. Працэс разлажэння германскага Усходняга фронта набыў незваротны характар. 16 лістапада 1918 года германскае камандаванне было вымушана аддаць загад аб эвакуацыі сваіх войскаў з Расіі.

Яшчэ да прыхода часцей Чырвонай Арміі ў акупаваных раёнах Беларусі пачалі ўзнікаць часовыя органы рэвалюцыйнай улады. Часцей за ўсё гэта былі рэвалюцыйныя (выканаўчыя) камітэты, якія ствараліся бальшавіцкім падполлем і дзейнічалі, у залежнасці ад абставін, адкрыта, паўпадпольна ці падпольна. Бальшавіцкія рэўкомы, абапіраючыся на партызанскія атрады і баявыя дружыны, процідзейнічалі разрабаванню края адыходзячымі германскімі войскамі і польскімі легіянерамі, зрывалі спробы германскай белагвардзейшчыны перадаць уладу ў ачышчаемых раёнах мясцовым контррэвалюцыянерам, раззбройвалі белыя дружыны, вялі барацьбу з бандытызмам і спекуляцыяй. Рэўкомы ўзялі ўладу ў большасці валасцей Мінскай і Віцебскай губерняў; Палескаму рэўкому, створанаму ў снежні 1918 года пры Рэўваенсавеце “Палескай Чырвонапаўстанцкай арміі”, перайшла ўся паўната грамадзянскай улады ў вызваленых раёнах Палесся.

Нярэдка ствараліся падпольныя Саветы. Бальшавіцкае падполле імкнулася трымаць гэтыя кааліцыйныя органы пад сваім надзейным кантролем і кіраўніцтвам. Мінскі Савет рабочых дэпутатаў, абраны ў пачатку снежня 1918 года пасля няўдалай спробы сканструяваць сумесны з немцамі рабоча-салдацкі Савет, ужо 7 снежня 1918 года абвясціў сябе органам улады ў горадзе. Яго атрады ўзялі пад ахову важнейшыя гарадскія аб’екты і чыгуначны вузел. З 28 лістапада 1918 года  здзяйсняў уладу Барысаўскі Савет. У снежні 1918 –– студзені 1919 года Саветы былі створаны ў Гродна і амаль ва ўсіх павятовых цэнтрах і валасцях Гродзенскай губерні.

Дзеянні партызанскіх і паўстанцкіх атрадаў, сабатаж чыгуначнікаў рабілі ў шэрагу выпадкаў немагчымым не тое што вываз нарабаванага дабра, а нават эвакуацыю цяжкога ўзбраення і вайсковых складоў. Толькі на станцыі Жлобін было затрымана звыш 100 вагонаў з грузамі, на станцыі Мінск-Таварная –– 195 паравозаў і 1480 вагонаў, на станцыях Маладзечна, Асіповічы, Бабруйск, Полацк, Баранавічы –– 176 паравозаў, 456 вагонаў, звыш 40 тысяч. пудоў зерня, 50 тысяч  пудоў жалеза і жалезных вырабаў, іншая маёмасць. Войскі Заходняй і Латвійскай армій ўзялі ў Беларусі і Прыбалтыцы вялікую колькасць трафеяў –– шмат боепрыпасаў, 2 бронецягнікі, броневагон і бронепляцоўку, 150 гармат і бамбамётаў, 205 кулямётаў і 70100 вінтовак.

Распад акупацыйнай германскай арміі і непрыхаваная падтрымка прасоўванню чырвоных з боку працоўных Беларусі дэмаралізавалі антыбальшавіцкія сілы ў краі, паралізавалі іх дзейнасць, зрабілі немагчымым разгортванне (як то было на Украіне і ў Прыбалтыцы) грамадзянскай вайны ў ачышчаемых ад акупантаў раёнах Беларусі. У канцы 1918 г. антыбальшавіцкія сілы краю бачылі сваё выратаванне толькі ў хутчэйшым прыходзе на Беларусь новых “культуртрэгераў”. Сцяг “культуртрэгерства” на Усходзе з аслабелых рук Другога рэйха перахапіла нованароджаная памешчыцка-буржуазная “белая” Польшча. Пагроза нашэсця з Захаду паскорыла самавызначэнне Беларусі на савецкай аснове.

Сергей Туманов Автор: Сергей Туманов Редактор интернет-ресурса