Интернет-сайт БЕЛНОВОСТИ продолжает публиковать цикл статей в рамках просветительской акции «Гісторыю Беларусі вывучаем на роднай мове», посвященной столетию образования БССР, которое мы отметим 1 января 2019 года.
Мазец Валянцін Генрыхавіч,
вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі
Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, к.г.н., дацэнт.
Сфера навуковых інтарэсаў: гісторыя беларускай дзяржаўнасці, сацыяльна-эканамічная гісторыя Беларусі ХХ ст., першая сусветная вайна, канфесіянальная гісторыя, нацыянальна-культурная палітыка ў БССР.
Дзеячы левага крыла беларускага нацыянальнага руху пасля разгона ў снежні 1917 года Першага Усебеларускага з’езда спадзяваліся пабудаваць беларускую дзяржаўнасць на савецкай аснове пры падтрымцы ўрада Савецкай Расіі. У адпаведнасці з дэкрэтам СНК РСФСР пры Народным камісарыяце па справах нацыянальнасцяў 14 лютага 1918 года быў створаны Беларускі нацыянальны камісарыят, які ўзначаліў А. Чарвякоў.
Белнацком на аснове артыкула 2 Канстытуцыі РСФСР аб аўтаномных абласных саюзах, якія ўваходзяць “на асновах федэрацыі ў Расійскую Федэратыўную Савецкую Рэспубліку”, распрацаваў “Праект дэкрэта пра ўтварэнне Беларускай вобласці”. У адпаведнасці з ім прадугледжвалася вырашэнне беларускага тэрытарыяльнага пытання шляхам стварэння “Беларускай вобласці” у этнаграфічных межах “на правах самастойнасці ў сваім гаспадарчым і палітыка-адміністрацыйным жыцці”. Але прапанаваны Белнацкомам праект не быў рэалізаваны. Паўночна-Заходні абкам РКП(б) у верасні 1918 года таксама адхіліў прапанову беларускіх секцый РКП(б) “прадаставіць неакупіраваным раёнам Беларусі аўтаномію ў складзе РСФСР, або перайменаваць Заходнюю вобласць у Беларуска-Літоўскую камуну”.
Такое становішча з вырашэннем беларускага пытання было абумоўлена пазіцыяй кіраўніцтва РСФСР. У красавіку 1918 года старшыня УЦВК Я. Свярдлоў прапанаваў у якасці асновы федэрацыі пакласці не тэрытарыяльную, а нацыянальную адзінку. Фактычна у той жа самы час, 10 – 14 красавіка 1918 года на II з’ездзе Саветаў Заходняй вобласці ў Смаленску было прынята рашэнне аб пашырэнні яе тэрыторыі. Дадзеная адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка абвяшчалася ў складзе Мінскай, Віцебскай, Магілёўскай і Смаленскай губерняў.
У параўнанні з 1917 годам, замест Віленскай губерні ў склад Заходняй вобласці ўключалася Смаленская. Разам з тым, рэалізаваць свае ўладныя паўнамоцтвы кіраўніцтва Заходняй вобласці мела непасрэдную магчымасць толькі на тэрыторыі Смаленскай губерні і 14 паветаў Віцебскай і Магілёўскай губерній: Віцебскага, Гарадоцкага, Клімавіцкага, Мсцілаўскага, Чавускага, Чэрыкаўскага і часткова – Аршанскага, Быхаўскага, Гомельскага, Горацкага, Лепельскага, Магілёўскага, Рагачоўскага і Сенненскага, якія заставаліся неакупіраванымі пасля наступлення германскіх войск у пачатку 1918 года. Тым не менш, неабходнасць існавання Заходняй вобласці як структуры, пабудаванай якраз паводле тэрытарыяльнай, а не нацыянальнай прыкметы, у кіраўніцтва РСФСР не выклікала сумнення.
На III з’ездзе Саветаў Заходняй вобласці, які адбыўся 11 – 13 верасня 1918 года, Заходняя вобласць была перайменавана ў Заходнюю камуну. Паводле пастановы Наркамата ўнутраных спраў РСФСР яна павінна была ахапіць тэрыторыю Мінскай, Магілеўскай, Віцебскай, Смаленскай, Гродзенскай, Віленскай і Ковенскай губерняў з насельніцтвам у 15 мільёнаў чалавек.
Разам з тым, у канцы 1918 года карэнным чынам змянілася геапалітычная сітуацыя. Германія пацярпела паражэнне ў вайне і перастала быць адным з галоўных чыннікаў у вырашэнні пытання дзяржаўна-тэрытарыяльнага вызначэння Беларусі. 19 лістапада газета “Дзянніца” апублікавала артыкул “Як жа з Беларуссю?”, у якім прадстаўнікі Белнацкама звярнуліся з прапановай надаць нашаму краю статус аўтаномнай часткі Расійскай федэратыўнай рэспублікі.
Такім чынам, назіралася відавочнае падабенства ў форме і метадах вырашэння дзяржаўна-тэрытарыяльнага пытання з 1917 годам, калі прадстаўнікі беларускіх арганізацый звярталіся з аналагічнай просьбай да Часовага ўрада. Разам з тым, імкненне прадстаўнікоў Белнацкама стварыць беларускую дзяржаўнасць на савецкай аснове на працягу ўсяго 1918 года выклікала моцнае супрацьдзеянне з боку кіраўніцтва Заходняй вобласці і Паўночна-Заходняга абкама РКП(б).
У канцы снежня 1918 года, калі для Савецкай Расіі ўзнікла пагроза ваеннага супрацьстаяння з Польшчай, “ЦК РКП(б) і Савецкі ўрад прызналі неабходным стварыць уздоўж заходняй мяжы “буферную зону” з ліку савецкіх рэспублік Літвы, Латвіі, Эстоніі, Украіны і Беларусі. I. Сталін паведаміў старшыні Паўночна-Заходняга абласнога камітэта РКП(б) А. Мяснікову аб тым што “ЦК партыі вырашыў па шматлікіх меркаваннях, аб якіх зараз гаварыць не выпадае, пагадзіцца з беларускімі таварышамі на ўтварэнне Беларускага савецкага ўрада”. Пад юрысдыкцыю гэтага ўрада было прадугледжана перадаць Мінскую, Смаленскую і Гродзенскую губерні, а Літоўскаму ўраду – Ковенскую і Віленскую. Пытанне пра далейшы лёс яшчэ двух беларускіх губерняў – Віцебскай і Магілёўскай – заставалася адкрытым. А літаральна праз два дні, 27 снежня 1918 года падчас нарады з Мясніковым і Калмановічам І. Сталін вызначыў тэрыторыю Беларускай рэспублікі ў складзе пяці губерняў: Гродзенскай, Мінскай, Магілёўскай, Віцебскай і Смаленскай а таксама склад урада і паўнамоцтвы рэспублікі. Згодна з пунктам 6 дырэктыў Наркамнаца, правы і абавязкі ЦБ партыі і аддзелаў урада павінны былі застацца такімі, “як і былога Абласнога Камітэта і аддзелаў Аблвыкамзаха”.
Дарэчы, на наступны дзень І. Сталін накіраваў В. Міцкевічу-Капсукасу у Дзвінскі Ваенны Савет тэлеграму, у якой адзначалася, што да “Беларусі адыдуць Мінская, Віцебская, Магілёўская, Гродзенская губерні, а магчыма, Смаленская. Літоўская тэрыторыя (Ковенская і Віленская губерні – В.М.) застанецца недатыкальнай, і ніхто вам больш перашкаджаць не будзе”.
Такім чынам, было відавочна, што партыйнае і савецкае кіраўніцтва РСФСР пагадзілася на абвяшчэнне Беларускай Савецкай Рэспублікі, кіруючыся перш за ўсё пэўнымі палітычнымі меркаваннямі, а не правам беларускага народа на дзяржаўна-тэрытарыяльнае самавызначэнне. А так як лёс беларускай савецкай дзяржаўнасці знаходзіўся ў поўнай залежнасці ад партыйна-савецкага кіраўніцтва РСФСР, то і тэрыторыя будучай Беларускай Савецкай Рэспублікі вызначалася валюнтарысцкім шляхам. І Віленская губерня, дзе была большасць беларускага насельніцтва, была аддадзена Літве.
У адпаведнасці з дырэктывай ЦК РКП(б), VI Паўночна-Заходняя абласная канферэнцыя РКП(б), якая адбылася 30 – 31 снежня 1918 года абвясціла сябе І-м з’ездам КП(б)Б і прыняла пастанову аб стварэнні Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі. Дэлегаты з’езда вылучылі са свайго складу спецыяльную камісію, якая займалася тэрытарыяльным пытаннем. Папярэднія вынікі работы гэтай камісіі былі агучаныя 31 снежня Р. Найдзянковым, а потым замацаваныя ў пастанове 1-га з’езда КП(б)Б “Аб межах Беларускай Рэспублікі”.
Асноўным ядром ССРБ былі абвешчаны губерні: Мінская, Гродзенская, Магілёўская, Віцебская (за выключэннем часткі паветаў Двінскага, Рэжыцкага і Люцынскага) і Смаленская (за выключэннем паветаў Гжацкага, Сычэўскага, Вяземскага і Юхноўскага), з часткамі прылеглых да іх мясцовасцяў суседніх губерняў, якія населены пераважна беларусамі, а менавіта частка Ковенскай губерні Нова-Аляксандраўскага павета, Вілейскі павет, частка Свенцянскага і Ашмянскага паветаў Віленскай губерні, Суражскі, Мглінскі, Старадубскі і Навазыбкаўскі паветы Чарнігаўскай губерні. У памежных паветах Віцебскай і Віленскай губерняў, дзе размежаванне магло выклікаць спрэчкі, іх урэгуляваннем павінны былі займацца спецыяльныя камісіі, вылучаныя “ўрадамі зацікаўленых савецкіх рэспублік”. Акрамя таго, быў прапанаваны новы, адміністрацыйны падзел тэрыторыі рэспублікі, у аснову якога быў пакладзены эканамічны прынцып. Замест губерняў планавалася стварыць 7 раёнаў, якія да таго часу склаліся як эканамічныя цэнтры, а менавіта: Мінскі, Смаленскі, Віцебскі, Магілёўскі, Гомельскі, Гродзенскі і Баранавіцкі. Раёны складаліся з падраёнаў. Так, у складзе Мінскага раёна былі вылучаны Мінскі, Барысаўскі, Вілейскі, Свенцянскі, Ашмянскі, Ігуменскі, Бабруйскі і Слуцкі падраёны; Смаленскага – Смаленскі, Вельскі, Духаўшчынскі, Парэчскі (Дзямідаўскі), Дарагабужскі, Ельнінскі, Краснінскі і Раслаўльскі; Віцебскі – Віцебскі, Веліжскі, Невельскі, Гарадокскі, Себежскі, Дрысенскі, Дзісненскі, Сенненскі, Лепельскі і Полацкі; Магілёўскага – Магілёўскі, Аршанскі, Горацкі, Мсціслаўскі, Быхаўскі, Чавускі і Чэрыкаўскі; Гомельскага – Гомельскі, Клімавіцкі, Суражскі, Мглінскі, Старадубскі, Рагачоўскі, Рэчыцкі і Мазырскі; Гродзенскага – Гродзенскі, Лідскі, Аўгустоўскі, Сакольскі, Беластоцкі і Ваўкавыскі; Баранавіцкага – Баранавіцкі, Слонімскі, Пружанскі, Навагрудскі, Брэсцкі, Кобрынскі і Пінскі.
Тэрыторыя ССРБ, вызначаная спецыяльнай камісіяй на 1-м з’ездзе КП(б)Б, складала, паводле папярэдніх падлікаў, больш 300 000 кв. кіламетраў, што фактычна адпавядала паводле сваёй плошчы тэрыторыі, вызначанай у 1918 годзе Народным Сакратарыятам БНР. Такім чынам, меліся падставы разглядаць рашэнні 1-га з’езда КП(б)Б як значны поспех у справе вырашэння дзяржаўна-тэрытарыяльнага пытання.
Але ў абвешчаных на з’ездзе межах Савецкая Беларусь праіснавала літаральна два тыдні. Так, ужо 16 студзеня 1919 года на пленуме ЦК РКП(б) было прынята рашэнне вылучыць са складу Беларускай рэспублікі губерні Віцебскую, Смаленскую і Магілёўскую, пакідаючы ў складзе Беларусі толькі дзве губерні Мінскую і Гродзенскую. У адпаведнасці з пратаколам пленума, у Беларусь быў камандзіраваны А.Іофе, якому даручалася правесці на паседжаннях мясцовых Саветаў, а потым і на з’ездзе Саветаў Беларусі, вылучэнне з Беларускай Рэспублікі вышэй адзначаных губерняў. Акрамя таго, на з’ездзе Саветаў Беларусі неабходна было “правесці прапанову аб пачатку перагавораў аб аб’яднанні з Савецкай Расійскай Рэспублікай”. Дэлегаты Віцебскай і Магілёўскай губернскіх партыйных канферэнцый 20 студзеня, а Смаленскай – 23 студзеня, прынялі рашэнні аб уключэнні гэтых губерняў у склад РСФСР. Такія ж пастановы потым былі прынятыя і на губернскіх з’ездах Саветаў.
У гістарычнай літаратуры можна сустрэць некалькі меркаванняў наконт прычын дадзенага рашэння.
Найбольш верагодным фактарам, які абумовіў прыняцце дадзенага рашэння ЦК РКП(б), быў геапалітычны . Так, на думку С. Хоміча, “галоўнай падставай для скарачэння тэрыторыі Беларускай рэспублікі з’явіліся неспрыяльныя знешнепалітычныя абставіны”, абумоўленыя прэтэнзіямі Польшчы на беларускія землі, а менавіта на Гродзенскую, Віленскую і Мінскую губерніі. Але, ў такім выпадку не зусім лагічным выглядае рашэнне забраць у склад РСФСР беларускія тэрыторыі, на якія не высоўваліся прэтэнзіі з польскага боку.
Яшчэ адной з прычын, якая выклікала вылучэнне Віцебскай, Магілёўскай і Смаленскай губерняў са складу БССР, была пазіцыя партыйных камітэтаў гэтых губерняў. Так, ужо 2 студзеня 1919 года Віцебскі камітэт РКП(б) на сваім паседжанні выказаўся прынцыпова супраць стварэння Беларускай рэспублікі, а 9 студзеня 1919 года накіраваў свайго прадстаўніка ў Маскву, каб узняць пытанне аб выключэнні Віцебскай губерні са складу БССР. З аналагічнымі зваротамі выступілі Магілёўскі і Смаленскі губернскія партыйныя камітэты.
Большая частка ўрада БССР выступіла супраць пастановы ЦК РКП(б) ад 16 студзеня 1919 года. Так, члены Часовага рабоча-сялянскага ўрада – Зм. Жылуновіч, А. Квачанюк, Зм. Чарнушэвіч, О. Дыла, Ф. Шантыр, У. Фальскі, А. Чарвякоў і І. Пузыроў – у лісце паўнамоцнаму прадстаўніку ЦК РКП(б) А. Іофе адзначалі, што рашэнне ЦК партыі аб аддзяленні ад Беларусі Віцебскай, Смаленскай і Магілёўскай губерній парушае абвешчаныя сацыялістычнай рэвалюцыяй прынцыпы самавызначэння народаў, замацаваныя ў расійскай Савецкай Канстытуцыі.
Бессэнсоўнасць далейшых пратэстаў стала зразумелай пасля таго, як у канцы студзеня 1919 года на сустрэчы з прадстаўнікамі ЦБ КП(б)Б У. Ленін заявіў, што “рэспубліка буферная і патрэбная пастолькі, паколькі мяжуе з іншымі краінамі. Паколькі Смаленск, Віцебск і Магілёў не мяжуюць, пастолькі іх можна выключыць”.
На 1-ым Усебеларускім з’ездзе Саветаў, які адбыўся 2‑3 лютага 1919 года, тэрытарыяльнае пытанне з’яўлялася адным з важнейшых. Менавіта на з’ездзе было заканадаўча аформлена выключэнне Віцебскай, Смаленскай і Магілёўскай губерняў са складу БССР, а таксама ўхвалена рашэнне пра аб’яднанне ў рамках аднаго дзяржаўнага ўтварэння савецкіх рэспублік Беларусі і Літвы, прынята дэкларацыя аб устанаўленні федэратыўных сувязей з РСФСР.
Такім чынам, першая спроба дзяржаўна-тэрытарыяльнага вызначэння Беларусі на савецкай аснове поспеху не мела. Такі ход падзей быў абумоўлены ў значнай ступені тым, што стварэнне беларускай дзяржаўнасці на савецкай аснове хаця і ініцыіравалася прадстаўнікамі беларускага нацыянальнага руху, канчатковыя рашэнні прынімаліся кіраўніцтвам РСФСР і РКП(б). “Гульня ў савецкія рэспублікі” кіраўніцтва РСФСР прывяла спачатку да скарачэння тэрыторыі абвешчанай Беларускай ССР, а потым – і да яе фактычнай ліквідацыі.
Урад БССР, акрамя пісьмовых і вусных пратэстаў, супрацьпаставіць гэтым дзеянням нічога не змог. Актуальныя для той сітуацыі радкі Маніфеста Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі, звернутыя “да працаўнікоў і бедных сялян”: “Уставайце ўсе на абарону Сацыялістычнай Савецкай працоўнай Рэспублікі Беларусі!”, так і засталіся на паперы.
Фото: из открытых источников