Першы урад Савецкай Беларусі: Гартны, Мяснікоў, Пікель

20.12.2018 09:13
Обновлено: 13.07.2019 20:35

Интернет-сайт БЕЛНОВОСТИ вместе с учеными Института истории НАН Беларуси продолжает просветительскую акцию «Гісторыю Беларусі вывучаем на роднай мове», посвященную столетию образования БССР.

 

Цішка Гартны

(Зміцер Хведаравіч Жылуновіч)

Белновости
Фото: © Белновости

Старшыня Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі

Нарадзіўся ў мястэчку  Капыль Слуцкага павета Мінскай губерні ў сям’і беззямельнага селяніна. У 1905 годзе скончыў двухкласную школу ў Капылі. Працаваў рамеснікам-гарбаром у Капылі, Літве, Украіне. Удзельнік рэвалюцыі 1905—1907, з 1906 член Капыльскай арганізацыі РСДРП. Ствараў рукапісныя часопісы.

У і 1913 годзе пачаў працу на заводзе «Вулкан» у Санкт-Пецярбургу. У 1914 годзе пераходзіць на завод «Айваз». Быў удзельнікам культурна-выдавецкай суполкі «Знание(руск.) бел.». З лютага па снежань 1918 — сакратар Беларускага нацыянальнага камісарыята. Рэдактар першай беларускай бальшавіцкай газеты «Дзянніца». З кастрычніка 1918 прыняты ў РКП(б).

Аўтар маніфеста аб утварэнні Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь, з 1 студзеня 1919 па 3 лютага 1919 старшыня яе  Часовага ўрада. У 1919—1920 гадах — сакратар газеты «Красная звезда» (Харкаў), палітработнік на Паўднёвым фронце Чырвонай Арміі. Потым — літаратурны супрацоўнік у штабе Заходняга фронтуу Смаленску. З 1920 года — сакратар і адказны радактар газеты «Савецкая Беларусь».

З 1921 жыве ў Мінску. Узначальваў Дзяржвыдавецтва БССР і Цэнтральны архіў БССР, працаваў намеснікам наркама асветы і старшынёй Галоўмастацтва БССР, з'яўляўся членам прэзідыума Інбелкульта і навуковым сакратаром камісіі па вывучэнні рэвалюцыйнага руху на Беларусі.

У сакавіку 1922 наведаў Берлін, наладзіў выданне беларускіх падручнікаў і мастацкіх кніг. За два месяцы было надрукавана 10 назваў агульным накладам 138 500 экзэмпляраў (у тым ліку кніга паэзіі «Песьні працы і змаганьня» і першая частка рамана «Сокі цаліны»). У красавіку 1922 узначаліў беларускае кааператыўнае выдавецтва «Адраджэнне», выпусціўшае за адзін год 14 кніг. Неўзабаве выдавецтва было абвінавачана ў «нацыянал-шавінізме» і было пераназвана, як «Савецкая Беларусь». У снежні выдавецтва выпусціла № 1 часопіса «Полымя», рэдактарам якога стаў Жылуновіч. У гэтым жа годзе разам з часцю іншых творцаў пытае дазволу на стварэнне беларускай літаратурнай арганізацыі «Вір». Статут «Віру» зацверджаны не быў.

У 1925 годзе зноў ездзіў да Берліну з мэтай удзелу ў Другой Усебеларускай канферэнцыі. У 1927 годзе разам з Купалам, Чаротам і Зарэцкім наведаў Польшчу і Чэхію, выступіў перад беларусамі Варшавы.

Ініцыятар стварэння літаратурнай арганізацыі «Полымя». Член ЦВК БССР у 1920—1931 гадах. Акадэмік БелАН з 1928 года. Удзельнік Саюза пісьменнікаў СССР з 1934 года. У 1934—1936 гадах працаваў ў Інстытуце гісторыі БелАн.

Выключаны з ВКП(б) 16 студзеня1931 года з фармулёўкай «за сувязь з <…> нацдэмаўскімі і фашысцкімі элементамі». Арыштаваны 15 кастрычніка 1936 года, пераведзены (7.4.1937) ў Магілёўскую псіхіятрычную лячэбніцу, дзе і памёр (па афіцыйнай версіі ад гангрэны лёгкіх; па іншых звестках — скончыў жыццё самагубствам).

Пахаваны на ўскраіне Пячэрскага парку ў Магілёве. На выяўленым месцы пахавання ў 1989 годзе  устаноўлены помнік. Рэабілітаваны ў грамадзянска-прававых адносінах 15 кастрычніка 1955 года. Цалкам (палітычна) рэабілітаваны ў 1987 годзе.

 

Аляксандр Фёдаравіч Мяснікоў

Член Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі

па ваенных справах

Нарадзіўся ў г. Нахічавань-на-Доне ў сям’і рамесніка. Скончыў манастырскую царкоўна-прыхадскую школу, армянскую семінарыю. З 15-гадовага ўзросту ўдзельнічаў у нелегальным і напаўлегальным вучнёўскім руху культурніцкага і рэвалюцыйнага характару.

У 1906 годзе становіцца членам РСДРП. У 1911 годзе скончыў юрыдычны факультэт Маскоўскага універсітэта. У гады Першай сусветнай вайны – на Заходнім фронце, у Мінску. Тут прайшоў шлях ад радавога да галоўнакамандуючага Заходнім фронтам, ад члена бальшавіцкай партыі да кіраўніка мясцовых партыйных арганізацый.

З яго імем звязана стварэнне і дзейнасць летам – восенню 1917 года  Мінскага гарадскога і Паўночна-Заходняга абласнога камітэтаў РСДРП (б), выхад у свет у жніўні 1917 года бальшавіцкай газеты «Звезда». Мяснікоў адыграў важную ролю ва ўсталяванні і арганізацыйным умацаванні ў Беларусі і на Заходнім фронце савецкай улады.

У Часовым рабоча-сялянскім савецкім урадзе Беларусі ўзначальваў Камісарыят па ваенных справах. У 1919 – 1920 гадах старшыня Цэнтральнага Бюро КП (б) Б, ЦВК ССРБ, начальнік палітуправы Заходняга фронту, сакратар Маскоўскага камітэта РКП (б).

У наступныя гады яго дзейнасць праходзіла на Каўказе: старшыня СНК і наркам па ваенных справах Армянскай ССР, старшыня Саюзнага Савета ЗСФСР, 1-ы сакратар Закаўказскага крайкома РКП (б). 22 сакавіка 1925 годзе загінуў у авіяцыйнай катастрофе пад Тыфлісам.

 

Пікель Рычард Вітольдавіч

Член Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі, старшыня Саўнаргаса

Нарадзіўся ў Тыфлісе ў сям’і служачых. У анкетным лістку дэлегата  9-га Усерасійскага з’езда Саветаў у 1921 годзе ў графе «нацыянальнасць» пісаў: «бацька – ангелец, маці – ліцвінка». Скончыў ў 1917 годзе адзін курс юрыдычнага факультэту ўнівэрсытэта ў Растове-на-Доне.

Палітычнай дзейнасцю стаў займацца ў Мінску вясною 1917 года, куды прыехаў пасля ўдзелу ў працы Усерасійскага з’езда студэнцтва. У Беларусі блізка сышоўся з бальшавікамі: І. Рэйнгольдам, В. Кнорыным, С. Магілеўскім, І. Алібегавым і інш. Быў членам Мінскага камітэта РСДРП (б), выканкама Мінскага Савета рабочых дэпутатаў, Паўночна-Заходняга абласнога камітэта РСДРП (б), выканкама Заходняй вобласці, старшынёй Смаленскага гарадскога савета і Савета народнай гаспадаркі Заходняй камуны.

У студзені 1919 года член Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі, старшыня Саўнаргаса. Абіраўся сябрам ЦВК БССР першага склікання. Быў старшынёй Саўнаргаса БССР, членам Савета абароны Літоўска-Беларускай рэспублікі, ЦК КП (б) ЛіБ, старшынёй Мінскага губкама, гаркама КП (б) ЛіБ і губрэўкама. У красавіку 1919 года рэдагаваў цэнтральны орган КП (б) ЛіБ – газету «Звезда».

З кастрычніка 1919 па сакавік 1924 года служыў у Чырвонай Арміі начальнікам палітаддзела 6-й і 16-й армій, палітуправы войскаў Украіны і Крыма, памочнікам начальніка па палітчасці і камісарам вышэйшых ваенна-акадэмічных курсаў па падрыхтоўцы старэйшага каманднага складу Чырвонай Арміі. З 1924 года загадчык сакратарыята старшыні выканкама Камінтэрна Г. Е. Зіноўева.

З сакавіка 1927 года працаваў у Галоўрэперткоме Наркамата асветы РСФСР. У 1927 годзе выключаны з ВКП(б), у 1929 годзе адноўлены. З лютага 1931 года па студзень 1932 года сапраўдны член Дзяржаўнай акадэміі мастацтва. Член Саюза савецкіх пісьменнікаў СССР. Працаваў дырэктарам Маскоўскага камернага тэатра. У чэрвені 1936 года  арыштаваны, у жніўні асуджаны да вышэйшай меры пакарання «за тэрарыстычную дзейнасць супраць кіраўнікоў партыі і дзяржавы» і расстраляны. Рэабілітаваны ў 1988 годзе за адсутнасцю ў дзеяннях складу злачынства.

Усе біяграфічныя звесткі падаюцца паводле кнігі

«1 января 1919 года: Временное рабоче-крестьянское советское правительство Белоруссии», Мн., Лимариус, 2005. - С.155-194.

Фото: из открытых источников

Автор: Сергей Туманов Редактор интернет-ресурса